БЕЛ Ł РУС

У Дзярждэпартаменце ЗША будуць радыкальна скарачаць структуры, занятыя правамі чалавека

22.04.2025 / 22:46

Nashaniva.com

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа анансаваў маштабную рэструктурызацыю свайго ведамства, па выніках якой многія замежныя праграмы Дзярждэпартамента будуць згорнутыя, а значная частка яго супрацоўнікаў звольненая, піша Бі-бі-сі.

Марка Рубіа. Фота: Julien de Rosa, Pool via AP

Назваўшы знешнепалітычнае ведамства «раздзьмутым, забюракратызаваным» і «прыхільным радыкальнай палітычнай ідэалогіі», Рубіа заявіў, што дзейнасць, «не адпаведная асноўным нацыянальным інтарэсам Амерыкі», трапіць пад скарачэнні.

У прыватнасці, удакладніў дзяржсакратар, будзе расфармаваны аддзел, які займаецца маніторынгам парушэнняў правоў чалавека ў замежных краінах, ваенных злачынстваў і генацыду.

Рубіа назваў гэты аддзел «платформай левых актывістаў для вядзення вендэт» супраць кансерватыўных лідараў. Ён прывёў прыклады Польшчы, Венгрыі і Бразіліі; у Польшчы і Бразіліі ідэалагічна блізкія да Трампа лідары ў апошнія гады страцілі ўладу.

Прэс-сакратарка Дзярждэпартамента Тэмі Брус заявіла:

«Перад намі стаяць велізарныя выклікі па ўсім свеце, каб рэалізаваць знешнюю палітыку прэзідэнта Трампа па прынцыпе «Амерыка перш за ўсё». Мы павінны зрабіць Дзяржаўны дэпартамент зноў вялікім. У сваёй цяперашняй форме Дэпартамент раздзьмуты, бюракратычны і няздольны выконваць сваю надзённую дыпламатычную місію ў гэтай новай эры суперніцтва вялікіх дзяржаў».

План маштабнай рэарганізацыі Дзяржаўнага дэпартамента Рубіа прадставіў 22 красавіка ў выглядзе новай структуры арганізацыі.

Мяркуючы па апублікаванай схеме, самай радыкальнай зменай з'яўляецца ліквідацыя цэлай структуры Дзярждэпартамента, якая знаходзілася ў падпарадкаванні намесніка дзяржсакратара па бяспецы цывільнага насельніцтва, дэмакратыі і правах чалавека.

Некаторыя элементы гэтай структуры, у тым ліку бюро па справах дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама бюро па справах бежанцаў, будуць скасаваныя і аб'яднаныя ў адзінае ўпраўленне па замежнай і гуманітарнай дапамозе.

Агульную колькасць пасад у цэнтральным апараце Дзярждэпартамента плануецца скараціць з 734 да 602 (амаль на 18%), піша New York Times са спасылкай на ўнутраны дакумент ведамства.

Рубіа даручыў сваім чыноўнікам у самы найбліжэйшы час падаць яму планы па скарачэнні на 15% колькасці супрацоўнікаў, якія працуюць у ЗША. Пра скарачэнні ў замежных місіях ЗША пакуль нічога не паведамляецца.

Чытайце таксама:

ЗША заўтра прапануюць Украіне і Еўропе прызнаць Крым расійскім — The Washington Post

Паказалі партрэт Трампа, які яму ў сакавіку падарыў Пуцін

Вэнс прыбыў у Дэлі абмеркаваць з Модзі тарыфы і гандлёвую здзелку. У Індыі візіту радыя не ўсе

Маск гатовы пакінуць пасаду, бо «стаміўся ад нападак левых»

Каментары да артыкула