БЕЛ Ł РУС

Не кажы ты мне слоў, што не грэюць цяплом, Аляксандр Чарнуха

23.04.2025 / 22:37

Зося Лугавая, Мікола Бугай

«Гвалт»: новую кнігу аўтара «Свінняў» чытала Зося Лугавая. 

Чым моцная кніга адрозніваецца ад слабой?

Моцная кніга выклікае перажыванні: ты пасміхаешся, плачаш, злуеш, заміраеш. Ты не можаш адарвацца ад «Мёртвым не баліць»: ты не ведаеш, што чакае герояў. Ад слабой нічога не застаецца ў памяці, нічога не запамінаецца.

Дзякуючы моцнай кнізе мы даведваемся нешта новае — як з гістарычных прац Юваля Ноя Харары. Або пераацэньваем штосьці, пачынаем на штосьці глядзець іншымі вачыма, як пасля прац Алега Латышонка. 

Моцную кнігу хочацца перачытаць: на герояў «Вайны і міру» інакш глядзіш у 16, а інакш — у 40 гадоў. Яна не хутка старэе. Слабую — прачытаў і забыў.

З моцнай запамінаюцца цытаты, парадоксы, героі. Падменены Ігнасік з «Дзвюх душ»: ці маюць значэнне гены? У слабой нічога асабліва не запамінаецца — хоць і правільна ўсё.

І яшчэ адно адрознівае моцную кнігу ад слабой: мова. Жывая, як у Евы Вежнавец, выразная, нават калі простая, як у спелага Быкава. 

Моцныя кнігі часта — вынік жарсці, вялікага кахання ці вялікай любові, калі «пішаш, таму што не можаш не пісаць», калі «насіў гэта ў сабе ўсё жыццё». Слабыя кнігі — гэта як імітацыя жару порнаакцёрамі на вэбкам-платформах, «калі сэрца тваё не палае агнём».

Насамрэч, верш Адама Русака — гэта мегаінструкцыя для кожнага творцы (і чаму яго дагэтуль не перапелі ні Паліна Рэспубліка, ні Наста Рыдлеўская?)

Не кажы ты мне слоў,
Што не грэюць цяплом,
Не кажы, не кажы.
Калі сэрца тваё
Не палае агнём, —
Не кажы, не кажы.

Аляксандр Чарнуха — чалавек-аркестр: журналіст, музычны крытык, ютуб-блогер, пісьменнік. Ягоная першая кніга «Свінні» выйшла ў 2022 годзе па-расейску, а пасля і па-беларуску ў перакладзе Алеся Плоткі. Новую кнігу Чарнуха пісаў адразу па-беларуску — за гэта павага.

У зборніку дзесяць апавяданняў, і ў большасці з іх някепская задума. Усе яны ўздзейнічаюць на чытача эфектыўна: робяць калі не балюча, то непрыемна. Але ж хочацца, каб літаратура рабіла не толькі балюча, але і прыгожа. Ці незвычайна. Альбо захапляльна. Хочацца стылю, формы, мовы — разам ці хаця б паасобку.

Усё, што ёсць у «Гвалце», — ужо дзесьці было і не раз: і ці то жывы, ці то мёртвы правадыр, якому не знаходзіцца замены; і чалавек супярэчлівае натуры, які прагне лётаць і стварае сабе крылы; і спроба зрабіць з дзяцей лепшых за сябе людзей вычварэнскімі спосабамі. Пагатоў, класічная для белліта дзяльба кабанчыка, якая раскрывае мізэрныя характары заангажаваных у яе.

Чарнуха добра адчувае, што трыгерыць беларусаў: у тым ліку вынаходлівы садызм і тонкая душэўная арганізацыя прадстаўнікоў сілавых структур. 

«Саша, ваш галоўны экспартны прадукт не калій і не БелАЗы. Не трактары і не бульба. І нават не зброя. А слёзы. Без іх вы нікому не патрэбныя і не будзеце. Разумееш? Вы цікавыя толькі тады, калі плачаце, і свет глядзіць на гэта з глыбокай заклапочанасцю. Толькі так вас можна манетызаваць». 

У двух апошніх тэкстах Чарнуха звяртаецца да тыповых для белліта сюжэтаў: незнаёмы чалавек прыязджае ў вёску і дарослыя дзеці прыязджаюць у вёску да маці. І ты чакаеш, што, напэўна ж, будзе нешта нечаканае, бо тэма сама па сабе занадта заезджаная. Але.

Апавяданне пра вёску Коцікі, у жыццё якой пакрысе заглыбляецца прыезджы незнаёмец, па словах аўтара, выбіваецца з агульнага настрою. Бо дае надзею. Аднак і яно абяцае стаць трылерам — але не стане. Тое самае і з апавяданнем «Дзяльба кабанчыка». Рэферэнс (да класічнага ўжо апавядання Віктара Карамазава) проста ў назве, але адзінае арыгінальнае, што тут ёсць, — тое, чым замяняюць кабанчыка. Астатняе крыху больш утрыраванае і крыху больш сучаснае, чым у арыгінале. 

Аляксандр Чарнуха яшчэ да выхаду кнігі казаў, што яна не будзе смешнай. Але найбольш удалыя апавяданні «Гвалту» — тыя, дзе ён усё ж дазваляе сабе сарказм. Як у апавяданні «Халадзец».

«— А бываюць такія кейсы, калі чалавека не закэнселілі? Ну вось каб людзі прачыталі апісанне праблемы і зрабілі выснову: гэта аўтар допісу — мудак.

— Калі ласка, давайце не будзем выкарыстоўваць такую лексіку. Яна вам не на карысць. Што да вашага пытання, дык у мяне няма такой статыстыкі. Але скажу вам шчыра: калі вы ўжо трапілі ў блакатар, значыць, ёсць пэўная небяспека для грамадства, і адрэагаваць належным чынам проста неабходна».

Ты быццам і разумееш, да чаго вядзе аўтар, але яснасці няма. Ён нібыта табе кажа: «Ну, ты ж зразумела агульную думку, так? То далей ужо не буду тлумачыць». А я і не супраць, каб мне патлумачылі, якім канкрэтна спосабам манетызуюцца слёзы беларускіх зэкаў і што дакладна можна было пабачыць у вокнах Лісучыхі з Коцікаў.

Яшчэ ад Борхеса мы ведаем, што новых сюжэтаў ужо не прыдумаць, але хочацца ўсё ж чагосьці больш нечаканага, чым проста пераносу падзей у Беларусь.

Маё галоўнае ўражанне ад «Гвалту» Чарнухі: аўтар вельмі хацеў напісаць яшчэ адну кнігу. А ўлічваючы, што вясёлая і злая кніга ў яго ўжо ёсць, ён вырашыў напісаць злую і страшную. Выйшла вымучана.

Аляксандр Чарнуха. Гвалт — Варшава: Янушкевіч, 2025

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула