У Беларусь завезлі машыны расійскага «ядзернага» ведамства. Яны прымуць удзел у парадзе
У Беларусь прывезлі браніраваныя машыны, якія належаць так званаму «ядзернаму» упраўленню Міністэрства абароны Расіі. Пра гэта сведчыць лічбавы код, што заўважыла «Свабода» на рэгістрацыйных нумарах гэтай тэхнікі з кадраў, зробленых 3 красавіка 2025 году падчас рэпетыцыі параду да 9 траўня на аэрадроме Ліпкі пад Менскам.
Каляж. Расейскія браняваныя аўтамабілі зь лічбавым кодам 39 на нумарах, які, імаверна, належыць 12-му галоўнаму ўпраўленьню Міністэрства абароны Расеі (яго герб на каляжы). Аэрадром Ліпкі пад Менскам, рэпэтыцыя параду. Фота газэты «Мінская праўда» ад 3 красавіка 2025 году Photo: minsknews.by (RFE/RL Graphics)
Менавіта 12-е галоўнае ўпраўленьне Міністэрства абароны Расеі, да якога могуць адносіцца гэтыя баявыя машыны, займаецца захоўваньнем, эксплюатацыяй і абслугоўваньнем ядзерных боепрыпасаў, а таксама адказвае за бясьпеку іх захоўваньня. У яго склад таксама ўваходзіць Служба спэцыяльнага кантролю, якая сочыць за ядзернымі выпрабаваньнямі ў іншых краінах.
Расейскія аўтамабільныя нумары чорнага колеру, бачныя на машынах з рэпэтыцыі, ставяць на тэхніку ўзброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. Двузначны лічбавы код у іх правым куце абазначае вайсковую акругу ці род войскаў, за якім тэхніка замацаваная.
Лічбавы код 39 згодна з загадам расейскага міністра абароны ад 22 лістапада 1999 году № 550 быў замацаваны за 12-м галоўным упраўленьнем МА Расейскай Федэрацыі.
Гэты загад быў скасаваны пазьнейшым загадам ад 3 жніўня 2005 году, у якім такога пераліку лічбавых кодаў і прыналежнасьці іх да вайсковых ведамстваў ужо няма. Але экспэрты, якіх апытала «Свабода», сьцьвярджаюць, што, хутчэй за ўсё, гэта было зроблена дзеля сакрэтнасьці, пры гэтым прыналежнасьць кодаў дзейнічае дагэтуль. Вайсковыя аналітыкі абапіраюцца менавіта на сьпіс, выкладзены ў першым загадзе.
Скрыншот зь відэа, зробленага агенцтвам «Минск-новости» 3 красавіка 2025 году, з аэрадрому Ліпкі пад Менскам падчас рэпэтыцыі параду да 9 траўня. На ім бачныя расейскія вайсковыя нумары зь лічбавым кодам 39.
На кадрах з рэпэтыцыі параду на аэрадроме Ліпкі 3 красавіка 2025 году нумары з кодам 39 стаяць як мінімум на двух відах тэхнікі. У абодвух выпадках гэта сучасныя расейскія браняваныя аўтамабілі, якія паступілі ў эксплюатацыю літаральна ў пачатку вайны ва Ўкраіне.
Першы зь іх, той, што зьлева на здымку вышэй, вельмі падобны на абаронены санітарны аўтамабіль «Лінза» на базе КамАЗ-53949 «Тайфун-К» ад расейскага заводу «Ремдизель». Вырабляць аўтамабіль пачалі ў 2021 годзе, пазьней дапрацоўвалі. На кадрах з рэпэтыцыі параду, падобна, мы бачым найноўшую вэрсію машыны. Як пазначана на сайце «Росабаронэкспарту», прызначэньне аўтамабіля — «пошук, збор і эвакуацыя параненых з поля бою, з асяродкаў масавых санітарных стратаў і тэхнагенных катастрофаў».
Фота з рэпэтыцыі параду да 9 траўня на аэрадроме Ліпкі пад Менскам. Бачныя аўтамабілі «Лінза» з замазанымі нумарамі. Фота: SB.BY — Беларусь сегодня, 3 красавіка 2025 году
Другі, пафарбаваны ў плямавы камуфляж, падобны на браняваны аўтамабіль для перавозкі вайскоўцаў «ВПК-Урал» ці «Спартак» (АМН-590951, ВПК-59095С ці АМН-59097). Распрацаваны расейскай «Вайскова-прамысловай кампаніяй». Яго пачалі выкарыстоўваць на вайне ва Ўкраіне прыкладна з восені 2022 году сілы спэцыяльных апэрацыяў.
Фота з рэпэтыцыі параду да 9 траўня на аэрадроме Ліпкі пад Менскам. Бачныя аўтамабілі «Спартак» з замазанымі нумарамі. Фота SB.BY — Беларусь сегодня, 3 красавіка 2025 году
На кадрах з рэпэтыцыі параду на аэрадроме Ліпкі пад Менскам ў парадным разьліку можна заўважыць агулам каля 15 машын «Лінза» і «Спартак».
Фота з рэпэтыцыі параду да 9 траўня на аэрадроме Ліпкі пад Менскам. Бачныя аўтамабілі «Спартак» і «Лінза» з замазанымі нумарамі. Фота SB.BY — Беларусь сегодня, 3 красавіка 2025 году
Выглядае, што «Таварыства чыгуначнікаў Беларусі» зафіксавала прыезд менавіта гэтых браневікоў у Беларусь у ноч з 29 на 30 сакавіка 2025 году. Так, арганізацыя тады паведаміла аб прыбыцьці вайсковага эшалёну зь невядомага пункту адпраўленьня ў Расеі на беларускую станцыю Ворша-Цэнтральная, дзе адбылася зьмена лякаматыву.
Схема прыбыцьця вайсковага эшалёну з бронеаўтамабілямі з Расеі праз Воршу на станцыю Азярышча пад Менскам 30 сакавіка 2025 году. Выява: «Таварыства чыгуначнікаў Беларусі»
Далей, паводле інфармацыі «Таварыства чыгуначнікаў Беларусі», з Воршы эшалён даехаў да станцыі Азярышча пад Менскам, дзе яго разгрузілі. Ён складаўся з аднаго пасажырскага вагона з расейскімі вайскоўцамі і чатырнаццаці спэцыяльных вагонаў-плятформаў для перавозкі бронеаўтамабіляў (па дзьве машыны на кожным). То бок агульная колькасьць прывезеных машын можа дасягаць дваццаці васьмі адзінак.
«Таварыства чыгуначнікаў Беларусі» таксама апублікавала здымак з разгрузкі аўтамабіляў, зроблены, як паведамляецца, у 7.30-8.00 раніцы 30 сакавіка на станцыі Азярышча пад Менскам.
«Свабода» геалякавала гэта здымак і праверыла ўмовы надвор’я ў той час, усё і сапраўды супадае. Нам таксама ўдалося знайсьці спадарожнікавы здымак кампаніі Planet Labs, зроблены прыкладна ў 15.00 таго ж дня (здымак ёсьць у распараджэньні рэдакцыі). На ім бачны чыгуначны састаў, які стаіць на станцыі Азярышча і складаецца прыкладна з 15 вагонаў, што супадае з інфармацыяй «Таварыства чыгуначнікаў Беларусі».
Вайсковыя аўтамабілі на здымку падобныя на «Лінзу» і «Спартак», апісаныя намі раней. А чыгуначная станцыя Азярышча знаходзіцца наўпрост каля аэрадрому Ліпкі, дзе гэтыя аўтамабілі былі заўважаныя 3 красавіка на рэпэтыцыі параду да Дня перамогі 9 траўня.
Каляж. Уверсе фатаздымак «Таварыства чыгуначнікаў Беларусі», які зафіксаваў разгрузку бранявых аўтамабіляў на станцыі Азярышча 30 сакавіка. Ніжэй фатаздымкі браняваных аўтамабіляў, падобных на «Лінзу» і «Спартак», на рэпэтыцыі параду на аэрадроме Ліпкі 3 красавіка 2025 году
Ці застануцца ўсе гэтыя машыны або частка зь іх ў Беларусі пасьля правядзеньня параду 9 траўня, невядома.
Раней «Свабода» паведамляла пра тое, як імкліва ўлады разбудоўваюць вайсковую інфраструктуру пад Асіповічамі, дзе, імаверна, можа рыхтавацца сховішча для расейскіх ядзерных боепрыпасаў. У самых Асіповічах будуюць новыя ангары для тэхнікі, склады, жытло для вайскоўцаў, тут жа знаходзяцца перададзеныя Расеяй апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», якія гэтую ядзерную зброю могуць ужываць.
Усе апытаныя раней «Свабодай» вайсковыя экспэрты выказвалі думку, што калі ў Беларусь прывязуць ядзерную зброю, усе дзеяньні зь ёю павінны ажыцьцяўляць вайскоўцы з 12-га галоўнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі.
«Трэба дакладна разумець адну рэч, якая ў мяне асабіста не выклікае ніякіх сумневаў: усе апэрацыі зь ядзернымі боезарадамі ці то на тэрыторыі Расеі, ці то на тэрыторыі Беларусі, калі раптам яны туды будуць дастаўленыя, будзе ажыцьцяўляць выключна 12-е галоўнае упраўленьне Міністэрства абароны Расеі (12 ГУМА), — казаў у камэнтары «Свабодзе» старшы супрацоўнік Інстытуту ААН у дасьледаваньні праблем раззбраеньня Павел Подвіг. — Гэта значыць, усе апэрацыі — абслугоўваньне, транспартаваньне боезарадаў, ахова аб’екту і ахова пэрымэтру — усё гэта будуць рабіць выключна расейскія вайскоўцы. Іншых варыянтаў тут няма».
З словаў экспэрта ў замежнай і абароннай палітыцы Расеі Паўла Лузіна, расейскае кіраўніцтва перасьледуе некалькі мэтаў.
«12 ГУМА — адно зь нямногіх месцаў, дзе застаўся ў наяўнасьці парк сучаснай вайсковай тэхнікі. Так што адным стрэлам двух зайцоў забіваюць — і пасылаюць сьвету чарговы сыгнал аб ядзернай зброі ў Беларусі, і ўсімі сіламі паказваюць, што порах у парахаўніцах яшчэ застаўся, што не зусім на аслах і матацыклах ваююць», — кажа Павел Лузін.
Ён дадае, што зьяўленьне такой тэхнікі і ўдасканальваньне рамонта-тэхнічнай базы ў Беларусі яшчэ не азначае наяўнасьці на цяперашні момант у Беларусі ядзернай зброі.
Такую ж думку выказвае і Павел Подвіг:
«У прынцыпе зьяўленьня аўтамабіляў 12 ГУМА можна чакаць — яны ж павінны забясьпечваць ахову і абарону. Усё ўкладваецца ў здагадку пра тое, што інфраструктура для захоўваньня боезарадаў ствараецца. Але само па сабе зьяўленьне тэхнікі не гаворыць аб зьяўленьні саміх боезарадаў».