МУС паказала відэа з затрыманымі за каментары ў адрас «жыхароў цудоўнай краіны Пакістан». Пагражае крыміналка
Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала афіцыйную заяву наконт чутак аб нібыта злачынствах пакістанцаў у Беларусі. А яшчэ апублікавала відэа з затрыманымі хлопцам і дзяўчынай.
Аляксандр Лукашэнка пасля сустрэчы з прэм'ерам Пакістана заявіў, што можа запрасіць у Беларусь 150 тысяч работнікаў з гэтай краіны. Тэма, натуральна, разляцелася па інтэрнэце.
На днях у сацсетках пачалі распаўсюджвацца чуткі аб тым, што пакістанцы нібы ўжо прыбываюць у Беларусь і здзяйсняюць тут злачынствы, у тым ліку згвалтаванні. Тыктокеры пачалі запісваць відэа аб тым, як сябе абараніць.
Масла ў агонь падліло відэа бойкі студэнтаў усходняй знешнасці ў Гомелі. Першапачаткова пісалі, што пабіліся пакістанцы, але па інфармацыі сілавікоў бойку з-за дзяўчыны зладзілі студэнты з Марока.
Напярэдадні МУС выпусціла некалькі абвяржэнняў на каментары і чуткі ў інтэрнэце і пагражала каментатарам пакараннем. Сёння ведамства апублікавала яшчэ адну афіцыйную заяву.
«На розных інтэрнэт-рэсурсах працягвае распаўсюджвацца фэйкавая і правакацыйная інфармацыя на тэму ўезду ў Беларусь 150 тысяч грамадзян Пакістана. Укіды таксама змяшчаюць сцвярджэнні, што пакістанцамі ўжо здзейснены шэраг злачынстваў.
У гэтай сувязі МУС афіцыйна заяўляе: міграцыйныя патокі з Пакістана адсутнічаюць, роўна як і злачынствы, здзейсненыя выхадцамі з гэтай дзяржавы», — гаворыцца ў заяве.
У МУС адзначылі, што ўжо выявілі «актыўных правакатараў, якія наўмысна спрабавалі напружваць становішча ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай». Сілавікі пагражаюць крымінальнымі артыкуламі за «разварушванне міжнацыянальнай варожасці і дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне».
Напярэдадні блізкі да сілавікоў канал упершыню за доўгі час апублікаваў відэа з затрыманымі за каментары і ролікі ў тытоку маладымі людзьмі. На камеру 18-гадовага хлопца і 20-гадовую дзяўчыну прымусілі прасіць прабачэння за распаўсюджванне фэйкаў і «гнеўныя каментары на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана».
У якім статусе знаходзяцца маладыя людзі, невядома. Але сілавікі пагражаюць «нешматлікімі тэрмінамі за «жарты» на тэму пакістанцаў.