БЕЛ Ł РУС

Прапагандыст з Мазыра пад выглядам апытання мясцовых жыхароў апублікаваў «меркаванні» фэйкавых персанажаў з партрэтамі з інтэрнэту

23.04.2025 / 18:58

Nashaniva.com

Мазырская раёнка 21 красавіка выдала публікацыю з загалоўкам «У якія прыкметы вы верыце? Спыталі ў мазыран». У матэрыяле звярнулі на сябе ўвагу даныя «суразмоўцаў» і насцярожылі іх нерэалістычныя фота. З дапамогай некалькіх запытаў у Google «Флагшток» высветліў, што ўсе персанажы апытання — фэйкавыя.

Аднак у подпісе пад тэкстам значыцца, што з людзьмі гутарыў Сяргей Баравік. Гэта адзіны рэальны чалавек у матэрыяле — ён працуе ў раёнцы як мінімум з 2022 года і адзначыўся многімі прапагандысцкімі публікацыямі, а цяпер працягнуў традыцыі газеты «Гомельские ведомости», якая раней выдала меркаванне «кіберпенсіянеркі».

Што тычыцца герояў прапагандыста, то ні пенсіянеркі Марыі Савельевай, ні хатняй гаспадыні Алены Прохаравай у Мазыры «Флагшток» не знайшоў. А вось кіроўца Уладзімір Смірноў у горадзе ёсць, але фота ягонае — не сапраўднае. З дакладна такім жа здымкам мазырскага Уладзіміра на іншых сайтах раней з'яўляліся публікацыі пра нейкага Валерыя Пятровіча, Джорджыа Вілоў, Мануэля Мітчэла.

Тое ж тычыцца і абедзвюх жанчын, якія нібыта пагаварылі з мазырскім прапагандыстам, з якім, мабыць, рэальныя жыхары горада мець зносіны не захацелі, і яму давялося ілюстраваць свае ўяўныя размовы карцінкамі з фотабанкаў.

Аўтар фэйкавага матэрыялу

Сам тэкст з вялікай доляй верагоднасці быў не выдуманы «журналістам», а напісаны штучным інтэлектам — такі адказ на просьбу ацэнкі «апытання» даў ChatGPT.

Чытайце таксама:

У Гомелі прапаганда стварыла кіберпенсіянерку, каб хваліла жыццё пры Лукашэнку

«Бабулька-сімпапулька». Гомельскія прапагандысты скаардынавалі ботаў, каб даказаць рэальнасць кіберпенсіянеркі

У Беларусі распаўсюджваецца правакатыўная суполка Dolgb у адказ на «прыезд 150 тысяч пакістанцаў». Што за яна?

Каментары да артыкула