БЕЛ Ł РУС

«Жорсткасць пад выглядам дабрачыннасці». У Аўстраліі з верталёта расстралялі да 700 каал

23.04.2025 / 22:31

Nashaniva.com

У адным з нацыянальных паркаў Аўстраліі на загад урада застрэлілі каля 700 каал. Такім чынам улады спрабавалі спыніць пакуты жывёл, якія атрымалі апёкі і раненні ў выніку лясных пажараў. Але замест удзячнасці ўрад сутыкнуўся з крытыкай зоаабаронцаў, паведамляе The Independent.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Аперацыя па адстрэле каал стартавала ў пачатку красавіка ў Нацыянальным парку Будж-Бім у штаце Вікторыя. Жывёл расстрэльвалі снайперы з верталётаў.

Улады патлумачылі, што такое рашэнне было вымушаным. Пасля лясных пажараў частка папуляцыі каал у нацпарку істотна пацярпела: жывёлы былі знясіленыя, абязводжаныя, а таксама мелі траўмы.

Рашэнне, аднак, абурыла абаронцаў дзікай прыроды. Зоаабаронцы адзначаюць, што з вышыні 30 метраў, на якой лёталі верталёты, немагчыма вызначыць стан здароўя каалы. Праз гэта пад агонь маглі трапіць і здаровыя асобіны.

«Гэта першы падобны выпадак у Аўстраліі, які стварае непрыемны этычны прэцэдэнт», — гаворыцца ў публікацыі арганізацыі абароны правоў жывёл Friends of the Earth Melbourne.

Зоаабаронцы заклікаюць урад разгледзець іншыя спосабы дзеянняў у такіх выпадках, а таксама перастаць высякаць эўкаліптавыя дрэвы, на якіх жывуць каалы.

«Прызнанне гэтых забойстваў нармалізуе жорсткасць пад выглядам дабрачыннасці», — гаворыцца ў заяве яшчэ адной арганізацыі Koala Alliance.

Усяго ў трох штатах Аўстраліі каалы пералічаныя як віды, якія знікаюць. Перш за ўсё гэта звязана з памяншэннем плошчаў эўкаліптавых лясоў. Іх становіцца менш з-за лесанарыхтовак, пашырэння плантацый і лясных пажараў.

Чытайце таксама:

У Аўстраліі знялі, як самец каалы плача над памерлай сяброўкай ВІДЭА

Каалы ў Аўстраліі аказаліся на мяжы знікнення. Вінаватыя пажары і высяканне лясоў

Аўстралійскіх каал назвалі «функцыянальна» вымерлымі

Аўстралійскія каалы ўнесены ў спіс знікаючых жывёл

Каментары да артыкула