Трамп: Мы маем дамову з Расіяй, зараз патрэбная згода Зяленскага
Падчас размовы з журналістамі прэзідэнт ЗША заявіў, што Расія нібыта гатовая заключыць дамову адносна спынення вайны ва Украіне. Адначасова ён адзначыў, што дамовіцца з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім аказалася складаней, чым ён чакаў, піша «Украінская праўда».
Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
Трамп заявіў, што ён лічыць Расію гатовай да перамоў. Аднак, для дасягнення мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, на яго думку, цяжка знайсці агульную мову з украінскім прэзідэнтам.
«На маю думку, Расія гатовая. Шмат хто казаў, што Расія гатовая пайсці на ўсё. Але я думаю, што мы маем дамову з Расіяй. Нам трэба дасягнуць дамовы з Зяленскім. І я спадзяюся, што Зяленскі… Я думаў, што з ім будзе лягчэй дамовіцца, але пакуль што гэта было складаней. Але нічога, усё добра. Ды я думаю, што мы маем дамову з абодвума бакамі. Я спадзяюся, што яны яе прымуць. Мы трацім шмат грошай. Але тут ідзе гаворка пра чалавечнасць», — сказаў амерыканскі кіраўнік.
Трамп чарговы раз раскрытыкаваў адміністрацыю Джо Байдэна за маштабныя выдаткі на падтрымку Украіны.
«Мы трацім сотні мільярдаў даляраў праз Байдэна. Байдэн ніколі не павінен быў дапусціць гэтай вайны. Мы трацім сотні мільярдаў, магчыма, 350 млрд даляраў, якія мы далі Украіне, і мы маглі б выкарыстаць гэтыя грошы проста тут», — сказаў Трамп.
Раней прэзідэнт ЗША заявіў, што пазіцыя ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага адносна непрызнання Крыму расійскім шкодзіць мірным перамоўным працэсам.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа сказаў, што Злучаныя Штаты лепш зразумелі, якая пазіцыя Расіі адносна яе вайны супраць Украіны, бо «мы нарэшце паразмаўлялі з імі пасля трох гадоў маўчання».
Чытайце таксама:
Трамп раскрытыкаваў Зяленскага за заяву, што Украіна ніколі не прызнае Крым расійскім
Пяскоў назваў умову, пры выкананні якой вайна імгненна завяршылася б
Белы дом пра апошнюю заяву Трампа: у прэзідэнта «заканчваецца цярпенне»