Крама «Суседзі» ў Слуцку сёння своечасова не адкрылася: работнікі зладзілі страйк
Крама сеткі «Суседзі» на вуліцы Барысаўца, 28 у Слуцку сёння не пачала працу а 7 гадзіне раніцы, як павінна была. Людзі ўвесь час прыходзілі, некаторы час стаялі пад дзвярыма і сыходзілі. Пра гэта паведамілі чытачы SlutskGorod.
Фота: чытачы SlutskGorod
Па інфармацыі выдання, пасля павелічэння рэжыму працы да 2 гадзін ночы задач у персаналу стала нашмат больш, супрацоўнікі не раз звярталіся да кіраўніцтва з просьбай падняць заробкі. Сённяшні міні-страйк стаў апошняй кропляй і спробай дастукацца да адміністрацыі сеткі.
Фота: чытачы SlutskGorod
Каля дзесяці чалавек, якія павінны былі сёння выйсці на змену, узгоднена не адчынілі дзверы крамы.
Скандал доўжыўся каля гадзіны, пасля чаго «Суседзі» ўсё ж пусцілі пакупнікоў.
Дакладна не вядома, ці атрымалася ў работнікаў дабіцца нейкіх абяцанняў. Аператыўна атрымаць каментар у кіраўніцтве сеткі выданню не ўдалося.