Гендырэктар хакейнага «Дынама» адчуў беспрэцэдэнтны экстаз ад прыезду на трэніроўку Лукашэнкі
«Гэта, ведаеце, ні з чым не параўнальныя эмоцыі», — сказаў Арцём Каркоцкі.
Генеральны дырэктар клуба перажыў беспрэцэдэнтны экстаз, калі на трэніроўку «Дынама» на «Мінск-Арэну» прыехаў Аляксандр Лукашэнка, піша «Спорт Беларусі».
«Гэта было нечакана. Гэта, ведаеце, ні з чым не параўнальныя эмоцыі. Калі чалавек такой велічы і такога маштабу наведвае трэніроўку, калі паказвае, што ўсё глядзіць і хвалюецца… Гэта сапраўды вельмі запамінальны момант. Шмат хто запомніць яго на ўсё жыццё. Мне здаецца, ні ў адной краіне няма такой пільнай увагі. Калі сам прэзідэнт у хакейнай форме выходзіць на лёд — гэта дарагога варта. Для ўсяго клуба гэта значная падзея», — сказаў Арцём Каркоцкі.
Нагадаем, што мінскае «Дынама» сёлета ўпершыню за 15 год выйшла ў другі раўнд плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі (Кубак Гагарына). У першым раўндзе беларускі клуб перамог ЦСКА.
Перад пачаткам другой серыі супраць чалябінскага «Трактара» трэніроўку «Дынама» наведаў Лукашэнка, які аблачыўся ў хакейную форму і нават правёў майстар-клас па закідванні шайбаў, а таксама ён перадаў хакеістам падарункі з пачастункамі, якія нібыта даюць ім энергію і сілы: мёд, сала і хлеб, выраблены на конкурс.
«Дынама» прайграла серыю 1:4 і вылецела з плэй-оф.