Міліцыя прапануе, каб амністыя закранула амаль усіх асуджаных за наркотыкі
Адно з істотных новаўвядзенняў запланаванай амністыі-2025 — тое, што яна будзе тычыцца і распаўсюднікаў наркотыкаў. У мінулыя гады сілавікі былі рашуча супраць таго, каб асуджаныя па артыкуле 328 атрымалі такую зніжку ад дзяржавы, аднак цяпер падыходы змяніліся.
Мяркуецца, на 1 год скараціць тэрмін амаль усім асуджаным за наркатычныя злачынствы — апроч рэцыдывістаў і асуджаных па ч. 5 арт. 328 (распаўсюд наркотыкаў, які прывёў да смерці чалавека).
Тыя ж, хто асуджаныя па ч. 4 арт. 328 — распаўсюд наркотыкаў у складзе арганізаванай групы — могуць увогуле лічыць гэты год найвыдатнейшым. Ім зараз скідаюць па два гады да прысуджаных тэрмінаў за кошт лібералізацыі заканадаўства, а цяпер ёсць магчымасць атрымаць яшчэ і амністыю на год.
Сёння стала вядома, што ўрадам унесены ў парламент законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Яна закране каля 8 тысяч асуджаных.
Пералік асоб, якія цалкам вызваляюцца ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, дапоўнены новай катэгорыяй асоб з пэўнымі захворваннямі. Але што гэта за катэгорыя, невядома.
Таксама прапануецца раней не судзімым асобам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і асуджаным да пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў уключна, замяніць пакаранне больш мяккім у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Таксама будзе прымяняцца частковая амністыя ў выглядзе скарачэння пакарання на адзін год да асоб, асуджаных за неасцярожныя злачынствы, якія прывялі да смерці чалавека.
Асноўнымі ўмовамі для прымянення амністыі з'яўляюцца поўнае пакрыццё шкоды, а таксама станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбыцця пакарання.
За апошнія пяць гадоў у Беларусі былі абвешчаныя чатыры амністыі. Палітвязняў яны не тычыліся.