Лукашэнка выкрыў «жулікаватыя схемы» на прадпрыемстве Цяцерына
Сёння на нарадзе па развіцці пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС раёнаў Аляксандр Лукашэнка выказаў шэраг нараканняў па працы ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі. Высновы былі зробленыя ў тым ліку па выніках ягоных нядаўніх працоўных паездак.
Аляксандр Лукашэнка разам з Сяргеем Цяцерыным адзначаюць перамогу тэнісісткі Арыны Сабаленкі, 2023 год. Фота: скрыншот з відэа
«У нас хапае на захадзе праблем, але не столькі, колькі на Усходзе. Разбасячыліся — далей няма куды. Я вось пабываў у Віцебскай вобласці. Дзе б я ні быў, даручыў: давайце сур'ёзна праверым пасля маёй паездкі. Куча пытанняў», — канстатаваў Лукашэнка, якога цытуе яго прэс-служба.
У якасці прыкладу ён прывёў наведванне ў Копысі сыраробнай вытворчасці — прадпрыемства, якое належыць ТАА «Мілккоп Старт» Сяргея Цяцерына:
«10-15 гадоў таму пабудавалі, добрае прадпрыемства і абсталяванне сучаснае. Бяры малако, перапрацоўвай, сыры прадавай. Вунь у Расіі з рукамі, з нагамі [забіраюць]. Зарабляйце грошы. Дык яны ж мне ў адкрытую хлусяць. Пытаюся, а колькі можаце перапрацаваць? — 200 тон. А перапрацоўвае 60.
Ды нічога падобнага! Там былі жулікаватыя схемы. Не 60 перапрацуюць там, а дзве тоны за суткі. А астатняе малако, што атрымлівалі, перапрадавалі і на гэтым зараблялі. Гэта як называецца? Ну гэта мы ў найбліжэйшы час разбярэмся», — паабяцаў Лукашэнка.
Сваю латыфундыю на Аршаншчыне Сяргей Цяцерын пачаў ствараць у 2018 годзе пад ціскам Лукашэнкі. Для галаўной сядзібы прыдворны бізнэсмен абраў вёску Хімы Аршанскага раёна. Яна знаходзіцца за некалькіх кіламетраў ад Копысі і вёскі Александрыя Шклоўскага раёна на другім беразе Дняпра, адкуль паходзіць род Лукашэнкі і дзе ён сам правёў сваё дзяцінства.
Цяцерын некалькі гадоў скупляў у гэтай мясцовасці ўчасткі «для вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркі». Агульная плошча зямлі, якая цяпер у ягоным кіраванні — прыкладна 29 гектараў.
Але выглядае, што Цяцерыну цяпер надакучыла займацца сыраробствам (калі ўвогуле хоць калі гэта і так падабалася), і няпрофільны актыў ён хацеў бы скінуць на дзяржаву. Гэта вынікае з апублікаванага прэс-службай Лукашэнкі відэа ягонай размовы са сваімі чыноўнікамі, якая не ўвайшла ў афіцыйны прэс-рэліз.
«Ну а па гэтым сырзаводзе прынцыпова разбірайся. Калі не спраўляецца — філіялам да Шклоўскага завода, там можна зрабіць. Ты ж бачыш, што там шыкоўнае прадпрыемства», — звярнуўся Лукашэнка да свайго кіраўніка спраў Юрыя Назарава.
Чытайце таксама:
Лукашэнка даручыў Пяткевіч арганізаваць нарады з асноўнымі структурамі ў краіне
Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»