БЕЛ Ł РУС

У Мінску заўважылі смерч? Белгідрамет пракаментаваў

26.04.2025 / 20:12

Nashaniva.com

У сеціве распаўсюджваецца відэа з віхром, заўважаным мінчукамі ўдзень 26 красавіка ў раёне Даўгінаўскага тракту. Ці быў гэта смерч, даведалася агенцтва «Мінск-Навіны».

Скрыншот з відэа

Відэа відавочцаў вывучылі спецыялісты з Белгідрамета, якія засумняваліся ў вызначэнні прыроднай з'явы:

«Паколькі сёння днём умовы надвор'я ў Мінску вызначаліся халоднай няўстойлівай паветранай масай, якая прадугледжвае развіццё кучава-дажджавой воблачнасці, то існавала верагоднасць рэзкага шквалістага ўзмацнення ветру. Аднак віхор на відэа не апускаецца з кучава-дажджавога воблака, а, наадварот, прыўздымаецца з паверхні зямлі, што адпавядае крытэрам пыльнага віхра».

Ва ўстанове адзначылі, што такая лакальная з'ява ўяўляе сабой віхравы рух паветра дыяметрам да 5 м і вышынёй да 20 м, які ўзнікае каля паверхні Зямлі днём у выніку сонечнага прагрэву. Яго працягласць складае некалькі хвілін.

Смерч жа — гэта моцны маламаштабны (дыяметрам ад 10 да 1500 м) віхор з вертыкальнай воссю кручэння, які фармуецца пад кучава-дажджавымі аблокамі і мае працягласць існавання аж да некалькіх гадзін.

«Часцей за ўсё смерчы назіраюцца ў цёплы час года, калі ў атмасферы адзначаецца моцная няўстойлівасць, якая характарызуецца наяўнасцю зон актыўнай канвектыўнай і навальнічнай дзейнасці. Пры гэтым адзначаецца наяўнасць цёплых і вільготных патокаў у ніжняй частцы атмасферы і сухіх патокаў у яе верхняй частцы. Найбольш часта такія ўмовы фармуюцца пры праходжанні халодных атмасферных франтоў», — рэзюмавалі спецыялісты.

Дарэчы, паводле інфармацыі МНС, ніякіх інцыдэнтаў, звязаных з віхром, у сталіцы не зафіксавана.

Чытайце таксама:

Пад Магілёвам знялі вялікі віхор ВІДЭА

На полі каля Стоўбцаў заўважылі вялікі віхор ВІДЭА

Сёння над Мінскам бачылі віхор. Сіноптыкі растлумачылі, з чым гэта звязана

Каментары да артыкула