Самую дарагую кватэру ў Мінску спрабуюць здаць за 10 тысяч даляраў штомесяц
«Тут вы па-сапраўднаму адчуеце, што такое камфортнае жыццё», — абяцаюць у аб'яве.
Знаходзіцца самая дарагая арэндная кватэра беларускай сталіцы ў доме бізнэс-класу «Ветразь» — ён пабудаваны на вуліцы Кальварыйскай паміж станцыямі метро «Маладзёжная» і «Фрунзенская». У аб’яве на сайце нерухомасці шматпавярховік называюць найлепшым домам краіны: абяцаюць кругласутачную ахову, а таксама 40 чалавек персаналу, якія яго абслугоўваюць.
Сама чатырохпакаёвая кватэра знаходзіцца на 28-м паверсе (усяго іх у будынку 32). Яе плошча — амаль 200 квадратаў.
Нават па фотаздымках бачна, што зроблены дарагі рамонт, аднак ён на аматара. Бо яркія колеры могуць шакаваць тых, хто цэніць сціплы скандынаўскі дызайн.
Тут усё інакш — бачна, што гаспадары наўмысна імкнуліся пазбягаць нейтральнасці. Кватэра аформлена ў выразнай неаэклектыцы з элементамі ар-дэка і тэатральнай класікі.
Гасцёўня з віннымі сценамі і чорна-белай паласатай мэбляй нагадвае эксцэнтрычныя салоны Лондана. Тут адчуваецца ўплыў брытанскага стылю eccentric chic з элементамі постмадэрнізму.
Сцены афарбаваны ў глыбокі вінна-чырвоны колер. Высокія столі з выразнай ляпнінай, у спалучэнні з люстрамі ў стылі ар-дэка, ствараюць адчуванне салона для прыёму свецкіх гасцей.
Немагчыма не звярнуць увагу на стылізаваную тэлефонную будку, а таксама паласатую канапу з яркімі падушкамі з выявамі сабак.
Спальня гаспадароў аформлена ў глыбокіх сініх адценнях. Тут ёсць класічныя молдынгі і масіўная ляпніна на столі. З вялізнага акна адкрываецца выдатны від на Мінск. Насупраць гаспадарскага ложка стаіць класічнае крэсла. Прадугледжаны і туалетны столік.
Больш стрымана выглядаюць дзіцячыя пакоі — у кватэры іх два. У адным з іх — каралеўскі ложак для немаўляткі, маленькая канапа і дзіцячы столік з мініяцюрнымі крэсламі.
Другі дзіцячы пакой належаў старэйшай дзяўчынцы. У ім стаіць вялікі ложак, камод, пісьмовы стол, паліца з кнігамі, а таксама палац для лялек.
Ад яркіх колераў вочы адпачываюць у гэтай кватэры ў ванным пакоі і на кухні, дзе для дэкору была абрана бэжава-шэрая каляровая гама.
Здаць такую раскошную кватэру гатовыя за 10 тысяч даляраў у месяц — ці 30 553 рублі. Арандатару трэба будзе адразу ўнесці аплату за 2 месяцы.
Чытайце таксама:
Так выглядае самая бюджэтная аднапакаёвая кватэра ў Мінску
У Мінску прадаюць кватэру амаль за $2 мільёны. Што за яна?
Самую дарагую кватэру ў Мінску ў сакавіку прадалі за 835 тысяч даляраў