БЕЛ Ł РУС

Пасля дэфіцыту бульбы і капусты ўлады спрабуюць не дапусціць калапсу з агуркамі — у некаторых гарадах не хапае

28.04.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Нядаўна беларусы сутыкнуліся з дэфіцытам бульбы, капусты і цыбулі. Каб знайсці простую гародніну, прыходзілася моцна пастарацца. Цяпер у некаторых гарадах назіраюцца таксама праблемы з пастаўкай агуркоў.

У прыватнасці, з гэтым сутыкнуліся жыхары Горак, Баранавіч, Краснаполля і Кобрына.

У Горках, каб вырашыць праблему з недахопам агуркоў у крамах, прыйшлося падняць на вушы чыноўнікаў: напрыклад, начальніцу ўпраўлення эканомікі райвыканкама Ірыну Канцавую і прадстаўнікоў райспажыўтаварыства. Прычына дэфіцыту — «перабоі з пастаўкамі на складах».

«Нягледзячы на часовыя цяжкасці з дастаўкай агуркоў у Горках, дзякуючы супольнай працы раённай улады і гандлёвых аб'ектаў сітуацыя паступова паляпшаецца», — адрапартавалі ў мясцовай прэсе.

Прылавак «Еўраопта». Фота: gorkiv.by

Недахоп агуркоў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прагназавала яшчэ ў пачатку месяца: пра гэта стала вядома з непублічнага ліста ў Мінсельгасхарч, які «Белпол» перадаў «Люстэрку».

У дакуменце сярод прычын перабою называецца невыкананне вытворцамі планаў па аб'ёмах прадукцыі для ўнутранага рынку, а таксама змена цыкла іх вырошчвання пад канец сакавіка.

Напрыклад, як сцвярджаюць у структуры, «Еўрагандаль» атрымаў менш за палову ад таго аб’ёму, пра які загадзя дамовіўся з пастаўшчыкамі. А ў «Дабранома» праблемы з атрыманнем прадукту яшчэ з 23 сакавіка.

Чытайце таксама: Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Пры гэтым яшчэ ў лютым на фоне падаражэння імпартных агуркоў у крамах міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў запэўніваў, што ў сакавіку беларусы будуць цалкам забяспечаныя сваімі агуркамі.

Амаль тады ж намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун справаздачыўся, што, каб забяспечыць беларусаў гароднінай у міжсезонне, у краіне распрацавалі стратэгію развіцця цяплічнага гародніцтва на 2023—2027 гады: «Агулам у стратэгію ўвайшлі 10 цяплічных камбінатаў. Яны правялі мадэрнізацыю на 23 га, што нам дазволіла ў 2023 годзе ўжо на 100% забяспечыць патрэбу айчынным агурком».

Што тычыцца цэн, то цяпер яны куды менш шакуючыя, чым зімой: тады цана на імпартныя агуркі дасягала 12-16 рублёў за кілаграм, за беларускія прасілі ад васьмі рублёў.

Цяпер у анлайн-дастаўках можна замовіць як гладкія, так і калючыя беларускія гуркі па 6-7 рублёў за кілаграм.

Скрыншот: edostavka.by

Скрыншот: green-dostavka.by

Калі ж хочацца яшчэ танней, трэба ісці на рынак. Так, на Камароўцы ў суботу, 26 красавіка, у некаторых прадаўцоў з сезоннага рынку ўжо былі заўважаныя агуркі па 3-4 рублі за кіло.

Чытайце таксама:

Ні бульбы, ні капусты. У многіх крамах знікла гародніна, на базарах цэны зашкальваюць

Дэфіцыт гародніны: следам за капустай з крамаў прапала цыбуля

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

У свеце дэфіцыт фісташак — усё праз модны дэсерт

Каментары да артыкула