БЕЛ Ł РУС

Мальта прадавала свае пашпарты расіянам, якія знаходзяцца пад санкцыямі

27.04.2025 / 23:17

Nashaniva.com

Шэраг грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія знаходзяцца ў санкцыйных спісах ЕС і ЗША з-за поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, атрымалі пашпарты Мальты па схеме «залатой візы».

Пашпарт Мальты. Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта гаворыцца ў публікацыі Financial Times, журналісты якой спасылаюцца на ўцечку дакументаў і афіцыйныя даныя, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Сярод такіх расіянаў, у прыватнасці, расійскі бізнэсовец Альберт Аўдалян, які трапіў пад санкцыі ЕС з-за вайны Масквы ва Украіне.

Мальтыйскі пашпарт дапамагае Аўдаляну і іншым расіянам з такім дакументам часткова абыходзіць забарону на ўезд у ЕС.

Сярод тых, хто атрымаў мальтыйскія пашпарты, былі таксама тры чалавекі, якія пазней трапілі пад санкцыі ЗША з-за вайны ва Украіне, і яшчэ тры чалавекі, якія аказаліся пад санкцыямі Украіны.

Сярод такіх асоб — Яўгенія Бярнова, якую ЗША абвінавацілі ў «махлярскім набыцці абсталявання падвойнага прызначэння», якое можа быць выкарыстана ў ваенных мэтах.

Бярнова заявіла, што «атрымала грамадзянства Мальты пасля дбайнага і шматступеньчатага працэсу праверкі» і што яна мае «сапраўдныя сувязі з Мальтай», у прыватнасці бізнэс, які, паводле яе слоў, з'яўляецца «рэальнай інвестыцыяй у Мальту і не мае нічога незаконнага або схаванага».

Бярнова таксама заявіла, што ўключэнне яе ў санкцыйны спіс з'яўляецца «памылкай амерыканскіх уладаў».

Уладальнікі пашпартоў уваходзяць у вялікую групу з 16 чалавек, якія паспяхова аплацілі атрыманне грамадзянства Мальты, нягледзячы на тое, што пазней трапілі ў санкцыйныя спісы або былі асуджаныя за злачынствы.

Як адзначаецца, па меншай меры адзін з мальтыйскіх пашпартоў быў пазней ануляваны.

Паводле ўцечак інфармацыі, расійскі мільянер Павел Мельнікаў атрымаў мальтыйскі пашпарт у 2015 годзе і пашпарт Сент-Кітс і Невіс у 2012 годзе з дапамогай кампаніі Henley.

У 2018 годзе фінскія ўлады правялі ператрус у яго маёмасці на фінскім архіпелагу Турку. У лютым ён быў асуджаны ў Фінляндыі за падатковае і бухгалтарскае махлярства. З таго часу яго грамадзянства Мальты было анулявана.

Мельнікаў аспрэчвае прысуд і заявіў, што таксама будзе абскарджваць ануляванне свайго мальтыйскага пашпарта.

Выданне нагадвае, што Мальта з'яўляецца апошняй краінай Еўрапейскага саюза, якая дагэтуль прапануе продаж свайго грамадзянства. У сувязі з гэтым Еўрапейская камісія падала пазоў у Суд ЕС з мэтай спынення гэтай схемы.

Камісія сцвярджае, што гэтая схема «падрывае сутнасць і цэласнасць грамадзянства ЕС». Чакаецца, што суд вынесе рашэнне ў аўторак.

Мальта патрабуе ад заяўнікаў на грамадзянства аднаразовай інвестыцыі ў памеры не менш за 600 тысяч еўра, набыцця або арэнды нерухомасці, ахвяравання 10 тысяч еўра на дабрачыннасць і пражывання ў краіне на працягу трох гадоў. Патрабаванне пражывання можа быць скарочана да аднаго года для асобаў, якія інвестуюць 750 тысяч еўра.

На фоне крытыкі ўлады Мальты заяўляюць, што ўзмацнілі праверкі і забаранілі грамадзянам Расіі і Беларусі атрымліваць свае пашпарты.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула