У гарадскіх маршрутках павінны з'явіцца рамяні бяспекі
Рамяні бяспекі павінны з'явіцца ў гарадскіх аўтобусах катэгорыі М2, гаворыцца ў апублікаваным праекце зменаў у правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў
Фота: ДАІ Мінгарвыканкама
Пад аўтобусамі М2 маюцца на ўвазе такія, у якіх дазволеная максімальная маса не перавышае 5 тон. Фактычна такі транспарт — гэта маршрутныя таксі. Паводле задумы аўтараў зменаў, на пасажырскіх крэслах там павінны з'явіцца прынамсі двухкропкавыя рамяні бяспекі, піша «Спутнік».
«Пасажырскія сядзенні аўтобусаў катэгорый М2 і М3 класа III, якія выкарыстоўваюцца для выканання прыгарадных і міжгародніх аўтамабільных перавозак пасажыраў, павінны быць абсталяваныя трохкропкавымі рамянямі бяспекі», — таксама гаворыцца ў праекце зменаў.
То бок у прыгарадных аўтобусах як вялікага фармату, так і ў маршрутках таксама будуць рамяні, прычым абавязкова трохкропкавыя.
Акрамя таго, у праекце адзначаецца, што не дапускаецца абмежаванне браніравання месца для праезду, за выключэннем выпадкаў, калі ў аўтобусе няма свабодных месцаў.