У Літве ўрад хоча дазволіць работнікам браць бальнічныя на даверы, без паходаў у паліклініку
Але супраць пакуль выступаюць і працадаўцы, і прафсаюзы.
Вільня, бізнэс-квартал у цэнтры. Фота: Наша Ніва
Прапанову сфармулявала Міністэрства аховы здароўя. Яе мэта — зменшыць нагрузку на тэрапеўтаў (у Літве яны называюцца сямейнымі дактарамі).
Такая ідэя магла б быць прывабная і беларусам. Многія людзі і так ведаюць, як ім лекавацца і паводзіць сябе пры грыпе ці ВРВІ, а паход у паліклініку толькі забірае час і сілы. А таксама забірае і рэсурсы ў сістэмы аховы здароўя.
Літоўскі ўрад прапануе тры магчымыя варыянты новаўвядзенняў:
1) Працадаўцы маглі б самі вызначаць, ад якіх работнікаў патрабуецца бальнічны ліст за першыя дні хваробы, а якія могуць заставацца дома на даверы.
2) Працадаўцы маюць даваць усім работнікам магчымасць тры разы за год хварэць да двух дзён без бальнічнага.
3) Работнікі павінны мець права хварэць без бальнічнага 5 дзён (не абавязкова бесперапынна) за год.
Аднак пакуль грамадства ўспрыняло такія ідэі скептычна.
Наймальнікі баяцца магчымых складанасцяў: на іх ускладзецца дадатковая адміністрацыйная нагрузка па афармленні бальнічных. Апроч таго, яны баяцца злоўжыванняў і непатрэбных спрэчак, паведамляе lrt.lt.
Тыя самыя засцярогі выказваюць і прафсаюзы.
Прапанова будзе далей абмяркоўвацца на Трохбаковай радзе, у якой прадстаўленыя ўрад, наймальнікі і прафсаюзы.
Увядзенне сістэмы аплочваных бальнічных напавер магчымае толькі ў грамадстве, дзе грамадзяне свядомыя і матываваныя да працы. Магчымасць хварэць нейкі час без бальнічнага існуе, да прыкладу, у скандынаўскіх краінах.