БЕЛ Ł РУС

«Было падобна, што пачаўся паўнавартасны кантроль». Усіх, хто ехаў з Беларусі ў Расію і назад, правяралі вайскоўцы

28.04.2025 / 20:33

Nashaniva.com

У мінулыя выхадныя на мяжы Беларусі і Расіі ўтварыліся чэргі. Праз кантроль, які праводзілі вайскоўцы, дазволу на праезд трэба было чакаць больш за дзве гадзіны, паведаміў чытач «Люстэрка».

Чарга аўтамабіляў у пункце пропуску «Езярышча» на беларуска-расійскай мяжы. Скрыншот відэа з тэлеграм-чата «Граница РФ-РБ»

Чытач «Люстэрка» Андрэй (імя зменена) у нядзелю, 27 красавіка, на аўтамабілі ехаў з Беларусі ў Расію. У пункце пропуску «Езярышча» ў Віцебскай вобласці ён нечакана для сябе наткнуўся на вялікую чаргу з ахвотных перакрочыць мяжу.

«Было падобна, што пачаўся паўнавартасны кантроль, — паведаміў Андрэй. — У выніку ў кіламетровай чарзе я прастаяў 2,5 гадзіны. Кантроль ажыццяўлялі вайскоўцы».

Журналіст «Люстэрка» пад выглядам звычайнага грамадзяніна патэлефанаваў на гарачую лінію Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, каб даведацца, у чым прычына з'яўлення чэргаў.

«Гэта расіяне, а не мы. Яны там упускаюць і выпускаюць, — паведаміў дзяжурны. — Беларускі Дзяржпагранкамітэт на пунктах пропуску з Расіяй не прысутнічае і не ажыццяўляе кантроль. Калі гэта адбываецца, то праверкі праводзяць толькі расіяне».

Інфармацыя пра ўзнікненне чэргаў у пункце пропуску «Езярышча» з'явілася таксама ў тэлеграм-чатах, прысвечаных перасячэнню мяжы Беларусі і Расіі. Адныя карыстальнікі паведамлялі, што чакалі праезду па некалькі гадзін. Іншыя тлумачылі гэта доўгімі выхаднымі ў Беларусі і набліжэннем летняга сезону.

«Гэта проста нядзеля. Што ж будзе на майскіх святах?» — пішуць адныя.

«Вясна прыйшла. Улетку будзе кожную нядзелю так», — кажуць іншыя.

«Мабыць, трэба ехаць у аб'езд», — робяць выснову трэція.

Чытайце таксама:

У Мінабароны Польшчы не выключылі мініравання мяжы з Беларуссю 

На Польшчу — да 15 гадзін, у Літву — без чэргаў. Чаго чакаць пасажырам аўтобусаў на мяжы?

За Расію ва Украіне ваююць тысячы наймітаў з як мінімум паўсотні краін свету. Хто яны?

Каментары да артыкула