БЕЛ Ł РУС

Наладчыка станкоў з «Пеленга» асудзілі і абвесцілі «тэрарыстам». Летась на прадпрыемстве была аблава сілавікоў

30.04.2025 / 18:37

Nashaniva.com

Сяргея Зеляноўскага судзілі за «заклікі да санкцый».

Сяргей Зеляноўскі

Сяргею Зеляноўскаму 51 год. Ён родам з Мінска. Жанаты, мае непаўналетнюю дачку. Па звестках Digital Intelligence Team, пасля школы ён адвучыўся ў недзяржаўнай Акадэміі парламентарызму і прадпрымальніцтва (цяпер — Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва), адной з першых беларускіх прыватных ВНУ.

З 2003 па 2015 гады меў уласнае ІП, якое займалася рознічным гандлем на рынках. З 2018 па 2020 працаваў на МАЗе і Мінскім праектна-канструктурскім тэхналагічным інстытуце.

З 2020 года Зеляноўскі прыйшоў на працу ў «Пеленг». Ён працаваў на механаапрацоўчай вытворчасці на пасадзе наладчыка станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем, мае 4-ы разрад.

Дакладная дата яго затрымання невядомая, але гэта адбылося пасля аблавы на «Пеленгу», якая некалькі месяцаў працягвалася з ліпеня 2024 года. Людзей правяралі на паліграфе, праглядалі іх тэлефоны, а таксама выклікалі на размовы. Дагэтуль выходзіла расследаванне «Белпола» пра тое, як «Пеленг» абыходзіць санкцыі.

Вядома пра некалькі крымінальных спраў супраць супрацоўнікаў прадпрыемства па артыкулах пра «заклікі да санкцый». Сярод іх і Зеляноўскі — па ч. 3 арт. 361 КК яму пагражала ад 4 да 12 гадоў калоніі са штрафам. Прысуд ужо ўступіў у законную сілу. А 21 красавіка яго прозвішча з'явілася ў спісе «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Сутнасць справы, як і прысуд — невядомыя.

Чытайце таксама:

Масавыя чысткі на беларускіх абаронных прадпрыемствах

Яшчэ адну супрацоўніцу «Пеленга» судзяць за «заклікі да прычынення шкоды Беларусі»

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Каментары да артыкула