У ДТЗ з аўтобусам пад Варшавай пацярпеў грамадзянін Беларусі
Сёння каля 3-й гадзіны ночы аўтобус, у якім знаходзіліся 26 пасажыраў, на павароце перакуліўся і зваліўся ў кювет. Трохі пазней у аўтамабіль пажарнай службы, які прыбыў для аказання дапамогі, урэзалася фура.
Як паведаміў у эфіры TVPinfo Пётр Аўчарскі, прэс-сакратар ваяводскай станцыі хуткай дапамогі «Медыранс», сярод пацярпелых у аўтобусе пераважна грамадзяне Украіны, але таксама ёсць адзін беларус і адзін іспанец, піша Reform.news.
«Канчатковы вынік абедзвюх аварый — 17 чалавек атрымалі траўмы, двое з іх у цяжкім стане. Калі казаць пра пацярпелых, то гаворка ідзе пра аўтобус — гэта 15 чалавек. Сярод пацярпелых пераважна грамадзяне Украіны, а таксама грамадзянін Беларусі і грамадзянін Іспаніі ва ўзросце ад 17 да 59 гадоў. Таксама пацярпелі тры чалавекі польскай нацыянальнасці, у тым ліку пажарны з добраахвотнай пажарнай часткі «Давіды» і 48-гадовы вадзіцель грузавіка, таксама грамадзянін Украіны», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, у пацярпелых дыягнаставаны траўмы галавы, грудной клеткі, верхніх і ніжніх канечнасцей. У большасці выпадкаў яны не ўяўляюць пагрозы для жыцця. Два чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане, адзін з іх — пасажыр аўтобуса. Лекары робяць усё магчымае, каб палепшыць іх стан.
Пётр Аўчарскі таксама паведаміў, што кабіна фуры была моцна пашкоджаная. Кіроўцу дасталі з яе з дапамогай гідраўлічнага абсталявання. У пажарнай машыне, акрамя кіроўцы, у момант сутыкнення знаходзіўся яшчэ адзін ратавальнік, які пераапранаўся.