БЕЛ Ł РУС

Патрушаў пагражае забраць ва Украіны Адэсу

29.04.2025 / 11:48

Nashaniva.com

Памочнік Уладзіміра Пуціна заявіў, што Адэса была заснавана Кацярынай ІІ і заўсёды была расійскім фарпостам у Чорным моры.

Мікалай Патрушаў. Фота: Pavel Bednyakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

Памочнік Уладзіміра Пуціна Мікалай Патрушаў пагражае акупацыяй Адэсы. 

Адказваючы на пытанне ТАСС, ці збіраецца Расія прэтэндаваць на ўкраінскія парты ў Чорным моры на мірных перамовах, Патрушаў намякнуў на анексію па схеме Крыма і Данбаса.

«Наша краіна паважае волевыяўленне народа. Гэта відаць па досведзе ўваходжання ў склад Расіі Крыма, Севастопаля, Данбаса і Наварасіі», — заявіў Патрушаў.

Памочнік Пуціна выказаў меркаванне, што жыхары Адэсы нібыта не хочуць падпарадкоўвацца ўкраінскім уладам, якія ён называе «неанацысцкімі».

«Мяркую, што ў Адэсы і пераважнай большасці яе жыхароў няма нічога агульнага з кіеўскім рэжымам», — заявіў Патрушаў.

Звярнуўся былы кіраўнік ФСБ і да любімага яго начальнікам гістарычнага аргумента. Ён заявіў, што «Адэса была заснавана расійскай імператрыцай Кацярынай II, і больш за два стагоддзі з дня заснавання была фарпостам Расіі на Чорным моры, займала адно з вядучых месцаў у краіне па колькасці насельніцтва і ўзроўню эканамічнага развіцця».

Патрушаў таксама ўспомніў пра пажар у Доме прафсаюзаў у 2014 годзе, у якім ён абвінаваціў украінскія ўлады. І паскардзіўся, што порт Адэсы «ператвораны ў хаб для перакідвання ўзбраення, пункт базіравання марскіх дыверсантаў».

Паводле даных украінскага камандавання, у пачатку поўнамаштабнага ўварвання расіяне рыхтавалі высадку дэсанта ў Адэсе. Аднак ад планаў давялося адмовіцца з-за няўдач у Чорным моры. Пры гэтым расійская прапаганда перыядычна кажа пра важнасць захопу горада.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула