БЕЛ Ł РУС

Рыэлтарскі бізнэс «нармалізуюць». Экспертка расказала, чаго чакаць

29.04.2025 / 13:30

Nashaniva.com

Эспертка ў нерухомасці Наталля Літоўская ў сваім канале распавяла пра перамены, якія чакаюць рыэлтарскую сферу. Яна бачыць шмат плюсаў у будучых навацыях, але і вельмі «тоўсты мінус». 

«Толькі зусім няўважлівыя прапусцілі навацыі ў заканадаўстве, што ўступаюць у сілу, якія прыбіраюць агентаў як клас, аб пераатэстацыі рыэлтараў, аб стварэнні палаты рыэлтараў, не чулі пра затрыманні ў агенцтвах нерухомасці, рэгістратараў, натарыусаў. Удавацца ў падрабязнасці ніхто не спяшаецца», — піша Літоўская.

Яна дадае, што большасць у агенцтвах не разумее, як усё будзе выглядаць, калі працэсы завершацца, а новае заканадаўства ўступіць у сілу. Яна падзялілася сваім бачаннем сферы «праз год-паўтара», гэта бачанне, піша яна, сфармавалася пасля гутарак з удзельнікамі рынку.

У Мінску з больш чым 100 агенцтваў нерухомасці — застанецца максімум тры дзясяткі.

У агенцтвах нерухомасці будуць працаваць толькі атэставаныя члены палаты рыэлтараў, то-бок «вельмі моцна правераныя (з прафесійнай і ідэалагічнай пункту гледжання) рыэлтары».

Таксама яны будуць вельмі моцна загружаныя працай, бо на рыэлтары будзе не толькі праверка дакументаў, складанне дагавораў, а наогул поўны цыкл — ад перамоваў з патэнцыяльнымі кліентамі да паказу кватэр.

Пры такой загрузцы спецыялісту хопіць і тых кліентаў, хто сам прыйдзе ў агенцтва, шукаць новых не прыйдзецца.

Пакупнік кватэры, продажам якой займаецца агенцтва, атрымае комплекс паслуг бясплатна. І здзелка будзе застрахаваная, бо ў прадаўца ёсць дамова з агенцтвам, а ўжо цяпер страхаванне адказнасці агенцтва распаўсюджваецца на абодва бакі здзелкі.

Многія грамадзяне зноў успомняць, што ў нас можна самастойна і прадаць, і купіць кватэру — сістэма дзяржаўнай рэгістрацыі дазваляе з гэтым справіцца любому дзеяздольнаму грамадзяніну.

Калі прадавец і пакупнік сустрэліся, але не ўпэўненыя адзін у адным — можна звярнуцца ў агенцтва за юрыдычным суправаджэннем. Калі звяртаецца пакупнік, праверка кватэры і прадаўца каштуе каля 60 базавых. 

Даходы ў агенцтваў нерухомасці будуць прыкметна ніжэйшыя за цяперашнія. Але дзяржава наўрад ці заўважыць зніжэнне адлічэнняў — проста таму, што не будзе схаваных даходаў і заробкаў у канвертах, лічыць экспертка.

Узровень даверу да рыэлтараў істотна вырасце. І ў прадаўцоў і ў пакупнікоў. Кватэра праз агенцтва стане сінонімам чысціні здзелкі, мяркуе яна. 

«Тоўсты мінус толькі адзін — сотні людзей, якія па розных прычынах не змогуць стаць рыэлтарамі ці не пройдуць пераатэстацыю, вымушаныя будуць шукаць працу ў іншых сферах. У тым ліку і рэальныя прафесіяналы», — піша Літоўская.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула