БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, як у Расіі жахліва катавалі ўкраінскую журналістку Вікторыю Рошчыну

29.04.2025 / 13:49

Nashaniva.com

Цела вярнулі без вачэй, мозгу і часткі гартані.

Гэты тэкст утрымлівае апісанне сцэнаў гвалту і можа эмацыйна траўмаваць.

Перад тым, як вярнуць цела загінулай у расійскім СІЗА ўкраінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай ва Украіну, у яе былі выдаленыя часткі ўнутраных органаў, высветлілі «Важныя гісторыі» ў межах міжнароднага расследавання.

Так улады маглі спрабаваць схаваць сляды гвалту і катаванняў, лічыць судова-медычны эксперт — расійскі бок часам вяртае Украіне целы без органаў.

Рошчына трапіла ў палон да расійскіх вайскоўцаў у жніўні 2023 года, калі расследавала датычнасць ФСБ да выкраданняў украінцаў у Запарожскай вобласці. На той момант ёй было 27 гадоў.

У МУС Украіны пра рэпатрыяцыю цела Рошчынай паведамілі 24 красавіка. Як высветлілі «Важныя гісторыі» і калегі з замежных СМІ, цела журналісткі перадалі Украіне ў рамках абмену яшчэ ў лютым 2025-га як цела невядомага мужчыны.

Тады ў морг Вінніцы размеркавалі пакет з надпісам «НМ СПАС 757» (Невядомы мужчына, сумарнае паражэнне артэрый сэрца, парадкавы нумар 757). У ім выявілі замарожанае цела жанчыны ў стане глыбокага знясілення з біркай «7390 Рошчына В. В.».

На целе загінулай былі выяўленыя шматлікія прыкметы катаванняў і жорсткага абыходжання, у прыватнасці ссадзіны і кровазліцці на розных частках цела, зламанае рэбра, пашкоджанне шыі і магчымыя сляды ад выкарыстання электратоку на ступнях, — апісаў вынікі экспертызы прадстаўнік офіса генпракурора Украіны Юрый Белавусаў.

Перад адпраўкай ва Украіну з цела Рошчынай былі выдаленыя вочныя яблыкі, мозг і частка гартані. Пад’язычная костка была зламана, паведаміла крыніца, набліжаная да расследавання гібелі Рошчынай.

«Выдаляць гартань падчас выкрыцця — нестандартная практыка. Гартань можа быць добрым доказам удушэння. Калі чалавека душаць, у яго найчасцей ламаецца пад’язычная костка. Пры ўдушэнні ў бялках вачэй можна выявіць кровазліццё, а ў мозгу — недахоп кіслароду», — распавёў апытаны судмедэксперт.

Крыніца ў сілавых структурах Украіны паведаміла, што Расія часам вяртае целы ўкраінцаў без унутраных органаў, тлумачачы гэта пратаколамі абыходжання з целамі, але прычынай можа быць і спроба схаваць сляды катаванняў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула