БЕЛ Ł РУС

У Мінску амаль разабралі «разумны» прыпынак на Нямізе

29.04.2025 / 14:27

Nashaniva.com

Ён прастаяў там пяць гадоў.

У Мінску дэмантавалі павільён «разумнага» прыпынку, што стаяў побач са станцыяй метро «Няміга». Ад аб’екта, які прыцягваў увагу мінакоў сваёй незвычайнай канструкцыяй і высокатэхналагічным начыннем, засталася пустая каробка (але, хутчэй за ўсё, і яна тут надоўга не затрымаецца), піша Onliner.by.

Мяркуючы па фотаздымках, дэмантаж праводзіцца ўручную, на месцы працуюць тэхнікі. Не ясна, ці будзе аб’ект перанесены на іншую пляцоўку, ці праект проста вырашылі закрыць.

«Пяць гадоў ратаваў людзей і ў спёку, і ў мароз, і кава была ўнутры, і гаджэты зарадзіць, і лаўкі былі… Шкада. Зараз там апошняе дэмантавалі, кававы аўтамат працаваў апошні дзень 23 красавіка», — піша відавочца.

Прыпынак быў часткай пілотнага праекта «Код горада», у межах якога планавалася развіццё лічбавай інфраструктуры сталіцы. На 40 квадратных метрах размяшчаліся сэнсарныя экраны, Wi-Fi, зарадкі для тэлефонаў, тэрміналы, камеры назірання і табло з інфармацыяй пра транспарт.

Кампанія, якая рэалізавала праект, атрымала ўчастак праз аўкцыён, заплаціўшы 10 тысяч еўра. Штомесячная арэндная плата складала каля 550 рублёў. Усяго ў аб’ект было ўкладзена больш за 100 тысяч даляраў, з якіх больш за 25 тысяч пайшло на мультымедыйную сістэму.

«Разумны» прыпынак прастаяў на Нямізе больш за пяць гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула