Шэсць з дваццаці гоншчыкаў «Формулы 1» сёлета — пачаткоўцы. Адзін з іх нядаўна атрымаў правы кіроўцы
Перад новай генерацыяй гоншчыкаў некалькі выклікаў: асвоіць аўтамабілі з мінімальнай колькасцю тэст-драйваў, а таксама прызвычаіцца да публічнага жыцця.
Джэк Дуэн, Олівер Берман, Габрыэль Барталета і Кімі Антанэлі. Фота: 2024 Formula Motorsport Limited
Стаць гоншчыкам Формулы-1 — значыць далучыцца да аднаго з самых элітных клубаў у свеце, і з'яўленне ў такім клубе нават аднаго-двух пачаткоўцаў заўсёды прыцягвала ўвагу.
Сёлета іх адразу шэсць — больш за чвэрць пілотаў, якія выходзяць на старт кожнай гонкі, адзначае The Wall Street Journal. Гэта Джэк Дуэн, Кімі Антанэлі, Олі Берман, Габрыэль Барталета, Ісак Хаджар і Ліам Лоўсан.
Сярэдні ўзрост гэтай групы — 20 гадоў. Самы малады — Антанэлі, якому 18 — атрымаў правы кіроўцы ўсяго за некалькі тыдняў да свайго дэбюту ў «Формуле-1» за каманду Mercedes.
Кіраўнікі каманд выбіралі пачаткоўцаў сярод самых перспектыўных зорак малодшых гоначных серый. Усе яны пачалі сваю кар'еру з картынгу, калі былі яшчэ малечай. Аднак ніякі досвед не можа цалкам падрыхтаваць да выклікаў «Формулы-1».
Давай рады або ідзі сабе
За першыя пяць гонак Антанэлі паказаў найлепшы вынік сярод пачаткоўцаў: ён чатыры разы фінішаваў у першай шасцёрцы. Гэта сур’ёзнае дасягненне, улічваючы нябачны псіхалагічны ціск: хлопец заняў у камандзе Mercedes месца легенды Льюіса Хэмілтана, які пайшоў у Ferrari.
А вось новазеландзец Ліам Лоўсан атрымаў паніжэнне: пасля некалькіх слабых вынікаў — 18-га месца ў Аўстраліі і 16-га ў Кітаі — яго перавялі з каманды Red Bull Racing у малодшую каманду Racing Bulls, каб далей набіраўся вопыту.
Кіраўнік каманды Red Bull Racing Крысціян Хорнер падкрэсліў, што ў барацьбе за пункты ў камандным заліку сезона стаўкі занадта высокія, каб марнаваць час на тое, каб разварушвацца.
«Было цяжка бачыць, як Ліам змагаецца на першых дзвюх гонках, — кажа Хорнер. — Гэта было чыста спартыўнае рашэнне».
Спорт — гэта выклік
Працягласць кар'еры хлопцаў цяпер будзе залежаць ад таго, наколькі хутка яны адаптуюцца да жорсткіх патрабаванняў элітнага аўтаспорту і змогуць кіраваць машынамі, у якіх амаль не трэніраваліся.
Рэч у тым, што перадсезонныя тэсты абмежаваныя ўсяго некалькімі днямі, з-за чаго многія пачаткоўцы правялі ў сімулятарах удвая больш гадзін, чым у рэальных аўто.
Аднак пачаткоўцам трэба будзе даказаць, што яны здольныя не толькі хутка ездзіць, але і вытрымліваць шалёны рытм жыцця: цяпер яны апынуліся ў свеце шматмільённых ставак, пільнай увагі публікі і нават здымак у рэаліці-шоў Netflix «Ганяць, каб выжыць». Ім трэба не толькі ўмець кіраваць машынай на хуткасці 320 км/г, але і падтрымліваць свой сацыяльны імідж: гаварыць на некалькіх мовах, выглядаць эфектна на фотасесіях і актыўна весці сацыяльныя сеткі.
Чытайце таксама:
Паўфінал Лігі чэмпіёнаў могуць перанесці з-за адключэння электрычнасці ў Іспаніі
«Крумкачы» прадставілі сваю новую форму. Яна з выцінанкай
Нацыянальны футбольны стадыён у Мінску будзе адкрыты 7 чэрвеня