БЕЛ Ł РУС

Ізраільцяніна, які скардзіўся на тое, што беларуская жонка яму вельмі дорага абыходзіцца, асудзілі на 10 гадоў за шпіянаж

29.04.2025 / 15:3

Nashaniva.com

Моці Мамана пасадзілі за шпіянаж.

29 красавіка акружны суд у Беэр-Шэве (Ізраіль) прысудзіў да дзесяці гадоў пазбаўлення волі Моці Мамана, якога затрымалі ў снежні мінулага года за сувязь з замежным агентам і ўезд на тэрыторыю варожай краіны (Ірана) без дазволу, піша Detaly.co.il.

У рашэнні суда сказана: «Кіруючыся фінансавымі матывамі, ён здзейсніў злачынствы, звязаныя з пранікненнем на тэрыторыю варожай краіны і ўсталяваннем кантакту з замежным агентам. Ён атрымаў некалькі тысяч даляраў ад іранскіх афіцэраў, вёў з імі фінансавыя перамовы і запатрабаваў мільён долараў. Пры гэтым ён публікаваў у сацыяльных сетках пасты ў падтрымку «Лікуду» і Нетаньягу».

Суд надаў асаблівую ўвагу таму, што злачынства было здзейснена падчас вайны, у якой Іран з’яўляецца сур’ёзным ворагам Ізраіля.

У той жа час было адзначана, што Маман удзельнічаў у Першай ліванскай вайне і з 7 кастрычніка 2023 года забяспечваў харчаваннем многія базы.

72-гадовы Маман, жыхар Ашкелона, прызнаў свае дзеянні. Паводле абвінаваўчага заключэння, Маман двойчы ўязджаў у Іран і сустракаўся з іранскімі агентамі. Падчас сустрэч яны абмяркоўвалі магчымасць удзелу Мамана ў здзяйсненні тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Ізраіля з мэтай нанясення шкоды бяспецы дзяржавы.

Маман таксама прызнаў, што на сустрэчах з іранскімі агентамі абмяркоўваў з імі замахі на забойства высокапастаўленых ізраільскіх чыноўнікаў, уключаючы прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньягу, былога міністра абароны Ёава Галанта, кіраўніка разведкі Ронена Бара, былога прэм’ер-міністра Нафталі Бенэта або мэраў, з выкарыстаннем выбуховага прыстасавання.

Акрамя таго, Маман прызнаў намер стварыць спецыяльныя атрады забойцаў у Расіі і ЗША, якія павінны былі выкарыстоўвацца для забойства праціўнікаў іранскага рэжыму.

Паводле слоў адваката Мамана, перад першай сустрэчай з іранскімі агентамі яго падабаронны не ведаў, у што ён уцягваецца. А на другую сустрэчу ён пагадзіўся ад страху перад тым, што з ім можа здарыцца, калі ён адмовіцца сустрэцца.

«Няма ніякіх сумневаў у тым, што Маман дапусціў сур’ёзную памылку ў ацэнцы, і таму ён абвінавачваецца ў кантакце з замежным агентам і пранікненні на тэрыторыю варожай краіны без дазволу. У той жа час важна падкрэсліць, што Маман не абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе ці шпіёнстве», — сказаў адвакат.

Раней Маман казаў, што стаў іранскім шпіёнам дзеля дарагой ва ўтрыманні беларускі, маладзейшай за яго на 36 гадоў. Прычым Наталля Маман прызналася сілавікам, што ведала пра іранскія ваяжы мужа і непакоілася з гэтай нагоды.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула