БЕЛ Ł РУС

Мінімальны заробак у Літве можа вырасці да 1198 еўра

30.04.2025 / 8:36

Nashaniva.com

У аўторак прадстаўнікі Банка Літвы на пасяджэнні Трохбаковай рады прадставілі прагноз адносна таго, якім можа стаць мінімальны штомесячны заробак у 2026 годзе. Згодна з разлікамі банка, калі будзе выконвацца раней узгодненая формула, мінімальны заробак можа павялічыцца на 15,4 % і дасягнуць 1198 еўра да выліку падаткаў, або 896 еўра «чыстымі», паведамляе LRT.

«Мы робім розныя сцэнары павышэння мінімальнага заробку», — заявіла прадстаўніца Банка Літвы Саўле Скрыпкаўскене на пасяджэнні рады.

У выпадку, калі мэтай разліку заробку з'яўляецца дасягненне суадносін 45 % паміж MMA і сярэднім заробкам (VDU), то, па падліках Банка Літвы, «мінімалка» можа вырасці на 3,9 % (на 40,2 еўра) — да 1078 еўра (806 еўра «чыстымі»).

Калі мэтай стане суадносіны 47,5 %, то рост складзе 9,7 % (на 101,1 еўра) — да 1138 еўра (851 еўра «чыстымі»).

Аднак калі прытрымлівацца першапачатковай формулы, узгодненай у Трохбаковай радзе, згодна з якой мінімальная зарплата павінна складаць 50 % ад сярэдняга заробку, то ў наступным годзе мінімальная зарплата павінна вырасці на 15,4 %, або на 160 еўра, дасягнуўшы 1198 еўра да падаткаў.

З 2025 года мінімальная зарплата ў Літве складае 1038 еўра да падаткаў (альбо 777 еўра «на рукі»).

У Беларусі ў 2025 годзе мінімальны заробак складае 726 рублёў «бруднымі», калі браць сённяшні курс еўра, то гэта 208 еўра. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула