Зніклы на вайне серыйны рабаўнік з Беларусі знайшоўся ва ўкраінскім палоне
На радзіме Міхаіл Шалгун гастраляваў па турмах, а потым падаўся ў Расію.
Міхаіл Шалгун. Фота з базы «Кіберпартызан», прадстаўленае BELPOL
Беларус Міхаіл Шалгун, які ваяваў за Расію і знік без вестак у студзені, знайшоўся ва ўкраінскім палоне. Пра гэта паведамілі ў праекце «Хачу жыць», пiша «Радыё Свабода».
Шалгуну 50 гадоў, ён родам з Ушаччыны, з паміраючай вёскі Лутава. Вялікай працоўнай біяграфіі ў мужчыны няма, затое ёсць багатая крымінальная.
Упершыню ён атрымаў крымінальную справу ў 1993 годзе, яшчэ падчас службы ў арміі — за хуліганства. Наступны раз яго судзілі за разбойныя напады ў 1995 годзе. З 2010 па 2012 ён зноў сядзеў. Пасля папрацаваў два гады і сеў у 2013 за пяць эпізодаў рабавання, вызваліўся ў 2017 годзе.
Ваяваў Міхаіл у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявым падраздзяленні, прыпісаным да Каменкі Ленінградскай вобласці. Перад адпраўкай ва Украіну праходзіў падрыхтоўку ў Белгарадскай вобласці. У студзені Шалгун пайшоў на штурм у кірунку Маркаўкі ў Луганскай вобласці і знік. Аказалася, ён патрапіў у палон.