Forbes назваў найлепшым сканер дакументаў ад беларуса
Амерыканскі Forbes у канцы мінулага года склаў топ дадаткаў для сканавання чэкаў і накладных, якія спрашчаюць для бізнэсу ўлік выдаткаў супрацоўнікаў. Журналісты пратэставалі восем такіх дадаткаў і аддалі першае месца стартапу Veryfi, які быў заснаваны беларусам Дзмітрыем Бірулём і аўстралійцам Эрнэстам Семердай, піша Devby.io.
Forbes асабліва адзначыў высокую дакладнасць API для распазнавання інфармацыі на дакументах, які кліенты Veryfi могуць убудаваць ва ўласны софт або дадаткі. Ён выдатна счытвае, напрыклад, доўгія чэкі, шматстаронкавыя квітанцыі, інвойсы, формы заказаў і падатковыя формы.
Акрамя якасці распазнавання, прыкладанне хваляць за прастату ў выкарыстанні і тэхпадтрымку. Асобна згадваецца функцыя аўтаматычнага падзелу выдаткаў, зафіксаваных у адным чэку. Гэта карысна ў сітуацыях, калі адзін чэк утрымлівае выдаткі, што адносяцца да розных праектаў, аддзелаў або супрацоўнікаў.
Таксама Veryfi сумяшчальны больш чым з дзясяткам старонніх платформаў, уключаючы QuickBooks, Xero, Dropbox, Box, Slack, OneDrive, Google Drive і Evernote.
Сярод мінусаў — для інтэграцыі сэрвісу трэба мець штатнага айцішніка. Таксама перашкодай для невялікіх кампаній можа быць цана — плата бярэцца за чэк, але падпіска каштуе ад $500 у месяц. Некаторыя карыстальнікі скардзяцца на збоі ў працы сэрвісу, таксама не стае магчымасцяў для кіравання падарожжамі і бюджэтаваннем.