Беларускі модны брэнд адзення хоча судзіцца з іншым — прычына ў назве
Уласніца беларускага брэнду адзення Respiro Аліна Доўгер расказала, што на яе хоча падаць у суд іншы мінскі модны брэнд — Espireo. Апошні з'явіўся раней, і яго ўласніца цяпер абурана сугучнасцю назваў.
Уласніца беларускага брэнду адзення Respiro Аліна Доўгер. Фота: respiro.wear / Instagram
«Так, назвы вельмі сугучныя і, вядома ж, я ведаю пра гэты брэнд. Але даведалася я пра яго на момант, калі майму брэнду было 2 гады, а то і 3. Як я даведалася? Нават не ў інсце.
Я ўбачыла шыльду на «Маяку Мінска» і, калі шчыра, спачатку спалохалася, я падумала, што хтосьці назваў краму так, як і ў мяне, потым учыталася і супакоілася», — піша Доўгер у сацсетцы Threads.
Жанчына расказвае, што першай назвай яе брэнда было Micoco. Але яна хацела прыдумаць штосьці больш мілагучнае. У нейкі момант увяла ў перакладчык слова «дыханне» і стала перакладаць на розныя мовы — і выдала італьянскае «respiro».
«Я не разумею, чаму людзі думаюць, што іх капіююць. Я і пра ўладальніцу даведалася нядаўна толькі ў Threads. Ніколі не сачыла за яе брэндам.
Гэта проста не мой стыль, не мая канцэпцыя, не мой фармат здымак нават, таму я ў шоку, што людзі могуць так шмат на сябе браць (…). А пра тое, што я ўводжу людзей у зман, гэта як наогул можна сказаць? Гэта значыць, за чалавек думае, што за кошт іх назвы я раскручваюся?» — дзівіцца прэтэнзіям Аліна.
Уласніца брэнда Espireo Наталля Нябесная ў каментарах пісала, што яе таварны знак зарэгістраваны ў Беларусі і, калі брэнд Respiro не зменіць сваю назву, яны могуць сустрэцца ў судзе.
Аліна Доўгер пазней напісала, што, магчыма, зменіць назву брэнда — не з-за пагроз, а па сваім жаданні.