БЕЛ Ł РУС

Галоўнакамандуючы УСУ: Расія ўзмацняе інтэнсіўнасць баявых дзеянняў

30.04.2025 / 15:2

Nashaniva.com

Расійскія войскі значна ўзмацнілі інтэнсіўнасць баявых дзеянняў, сканцэнтраваўшы асноўныя намаганні на Пакроўскім напрамку, нягледзячы на заявы пра гатоўнасць да трохдзённага спынення агню ў маі. Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі, піша Расійская служба Радыё Свабода.

Фота: Yan Dobronosov/Global Images Ukraine via Getty Images

«Адсутнасць перспектываў у аператыўным і тактычным плане не спыняе ворага — ён упарта спрабуе прарваць абарону нашых войскаў на гэтым напрамку і выйсці на адміністрацыйную мяжу Днепрапятроўскай вобласці. З гэтай мэтай расійскае камандаванне штодня кідае ў бой новыя падраздзяленні, гоніць сваіх вайскоўцаў на смерць, дае справаздачы пра ілюзорныя поспехі і перамогі», — напісаў Сырскі ў Telegram.

Ён дадаў, што прысвяціў дзень працы ў брыгадах, якія трымаюць абарону менавіта на гэтым участку, «з мэтай вырашэння праблемных пытанняў і аказання дапамогі камандзірам частак у арганізацыі баявых дзеянняў».

Выданне The Wall Street Journal у аўторак адзначыла, што ўкраінскім сілам вясной удалося стабілізаваць лінію фронту на ўсходзе Украіны. Аднак УСУ чакаюць у бліжэйшы час новага наступу расійскіх войскаў, звязваючы гэта з заканчэннем перыяду бездарожжа і з’яўленнем лістоты на дрэвах, што ўскладніць выкарыстанне беспілотнікаў і, наадварот, спросціць прымяненне цяжкой тэхнікі.

Згодна з данымі праекта DeepState і іншых маніторынгавых каналаў, асноўныя намаганні расійскіх вайскоўцаў цяпер сканцэнтраваны на поўдзень і ўсход ад Пакроўска, а таксама пад Тарэцкам у Данецкай вобласці. На некаторых участках расійскія войскі наблізіліся да мяжы з Днепрапятроўскай вобласцю.

У Крамлі днём 28 красавіка заявілі, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін аддаў загад расійскім войскам спыніць агонь у «дні 80-годдзя Перамогі» — 8, 9 і 10 мая. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы гэтае паведамленне, нагадаў, што Украіна падтрымлівае ідэю ЗША аб спыненні агню, а таксама прапаноўвала 30-дзённую паўзу, і назваў заяву Пуціна «яшчэ адной спробай маніпуляцыі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула