У Мінску прадаюць нестандартную 3-узроўневую кватэру. Цана можа прыемна здзівіць
Кватэра ў трох узроўнях — даволі рэдкая з'ява для Беларусі.
Фота тут і далей: minsk.etagi.com
Знаходзіцца трохузроўневая чатырохпакаёўка ў доме 1994 года пабудовы, па адрасе Максіма Багдановіча, 108. Агульная плошча кватэры — 116 м².
На першым узроўні месціцца прыхожая, вялікая прахадная гасцёўня на 22 квадраты з выхадам на лоджыю і кухню памерам 8 квадратаў. Таксама на першым паверсе ёсць санвузел з душавой кабінай.
Рамонт у кватэры стары, імаверна яго рабілі ў першыя гады пасля таго, як дом быў здадзены ў эксплуатацыю. У гасцёўні ўсталяваны кандыцыянер. Ва ўсіх жылых памяшканнях паркетныя падлогі.
На другім узроўні знаходзіцца прасторны спальны пакой з лоджыяй і кладоўкай, схаванай за шафавымі дзвярыма.
На трэцім — два спальныя пакоі на 10,8 і 15,7 квадрата. Кожны пакой мае лоджыю.
Таксама на трэцім узроўні маецца другі санвузел, толькі ўжо не з душавой кабінай, а з вуглавой ваннай і бідэ. Бачна, што цяперашнія гаспадары вельмі любяць дываны. Нават у ванным пакоі ляжыць дывановая дарожка.
Агулам інтэр'еры гэтай кватэры нагадваюць дыхтоўнае лецішча, куды пасля рамонту звезлі старую мэблю і тэхніку з кватэры.
Як пазначана ў аб'яве, кватэра прадаецца разам з мэбляй і тэхнікай.
Просяць за гэтую чатырохпакаёўку 167 тысяч даляраў, што каля 1 440 даляраў за квадрат. Для параўнання — сярэдні кошт метра ў чатырохпакаёўках Мінска на падставе прапаноў складае 1 726 даляраў.