«Прапаганда, як у Паўночнай Карэі». Палякі не вераць выбару тавараў у бабруйскім «Грыне»
Тыктокерка апублікавала відэа з гіпермаркета «Грын» і сабрала сотні каментаў ад палякаў. Тыя не вераць, што ў Беларусі працуюць такія крамы, і называюць ролік паказухай.
Відэа, пра якое ідзе гаворка, выйшла 5 дзён таму і мае ўжо амаль 54 тысячы праглядаў. Тыктокерка tu.polanka проста прайшлася па адным з беларускіх гіпермаркетаў і зняла ўсё тое, што можна там набыць, а ў каментах адзначыла, што гэты «Грын» знаходзіцца ў Бабруйску.
Акаунт, дзе выйшаў ролік, польскамоўны, таму відэа прывабіла перш за ўсё палякаў.
І ролік іх настолькі здзівіў, што яны пакінулі пад ім сотні каментароў. Самая папулярная думка — параўнанне з КНДР, дзе, як лічыцца, існуюць паказушныя крамы з багатым асартыментам:
«Такая прапаганда, як у Паўночнай Карэі: крамы нібыта ёсць, але мясцовыя ў іх не ходзяць, бо няма за што».
«Крама як у Паўночнай Карэі. Багата тавару і нейкія статысты».
«Колькі такіх крамаў у Беларусі, пяць-шэсць».
«У Паўночнай Карэі таксама такія крамы ёсць, калі Кім прыязджае».
Палякі часткова аргументавалі свой недавер тым, што ў відэа амаль няма пакупнікоў. Пры гэтым невядома, калі знялі ролік — магчыма, гэта была сярэдзіна працоўнага дня. Адна з каментатарак патлумачыла паўпустую краму яшчэ і тым, што ў Беларусі, у адрозненне ад Польшчы, вялікія крамы працуюць у нядзелю, таму няма неабходнасці бегчы па прадукты ў канкрэтны час — для гэтага ёсць дадатковы дзень.
Але ж палякаў было не спыніць, хаця некаторыя з іх і жартавалі з такога падыходу:
«Адсутнасць людзей у краме кажа пра фатальны стан эканомікі».
«Даволі пуста, крама для эліты».
«Неяк натоўп не відаць. Крамы можна мець, толькі хто там будзе купляць? Бяднота з калгасаў?»
Беларусы таксама зайшлі ў каментары і патлумачылі — для некаторых жыхароў краіны цэны ў супермаркеце цяпер завялікія, каб туды хадзіць.
Некаторыя з палякаў шчыра прызналіся, што крама іх уразіла ў добрым сэнсе. Вось толькі калі ў Беларусі ёсць такія крамы, для палякаў застаецца загадкай, чаму беларусы гатовыя ехаць у Польшчу «на закупы»:
«У Беларусі ў крамах свежая мясцовая гародніна, а не часнок з Кітая і спаржа з Егіпта, пакрытыя сантыметровым слоем воску».
«Пустых вітрын няма, але гэта не значыць, што людзям на ўсё хапае».
«Дык цікава, чаму яны прыязджаюць да нас у Беласток на закупы».
Чытайце таксама:
У сеціве з’явілася відэа з аўтобусам МАЗ, падлога ў якім варушыцца, нібы дыван-самалёт
У мінскай кавярні працуе робат-афіцыянт ВІДЭА
Таямнічае гняздо знайшлі ў лесе пад Старымі Дарогамі. Што гэта можа быць?