Літва і Польшча здагналі Ізраіль па ВУП на душу насельніцтва
Па галоўным паказчыку эканамічнага развіцця нашы суседзі параўналіся з краінай, якая доўгі час была ўзорам поспеху.
Варшава, Польшча. Фота Jacek Kadaj / gettyimages
Па ацэнках Міжнароднага валютнага фонду, у 2025 годзе валавы ўнутраны прадукт Літвы на душу насельніцтва ў пераліку па парытэце купчай здольнасці перасягне 57 000 даляраў. Гэта прыкладна на 1000 больш, чым аналагічны паказчык Ізраіля. Польшча зусім трохі адстае. Яе лічба перавысіць 55 000 даляраў.
У намінальным выражэнні ВУП Ізраіля застаецца вышэйшы: 58 000 проці 31 000 у Літвы і 27 000 у Польшчы — але там значна вышэйшыя і цэны, таму пры пераліку ў парытэце купчай здольнасці краіны ўжо выраўналіся.
Гэта вынік стабільна высокага росту эканомік Літвы і Польшчы за два дзесяцігоддзі пасля ўваходжання ў Еўрасаюз і НАТА.
Для параўнання: ВУП Беларусі на душу насельніцтва складае 8000 у намінале, або 34 000 у пераліку па купчай здольнасці, на дзве трэці менш, чым у Літве, з якой наша краіна была на адным узроўні ў момант распаду СССР.
Па даных нацыянальных статыстычных камітэтаў, у 2024 годзе ВУП Беларусі вырас на 4%, Літвы — на 2,8%, ВУП Польшчы — на 3,2%.
З дапамогай еўрасаюзаўскіх «фондаў выроўнівання» Літва і Польшча падцягнуліся і, пры вылічэнні ў парытэтных цэнах, параўналіся з Іспаніяй, абагнаўшы Партугалію і Грэцыю. Пры вылічэнні ў намінальнай велічыні ад Іспаніі яны ўсё яшчэ адстаюць.
Паказчыкі Латвіі значна горшыя, яна істотна адстае ад паўднёвых суседак і ўваходзіць у групу самых бедных краін ЕС разам з Балгарыяй і Грэцыяй.
Поспех нашых суседзяў паляпшае шанцы і Беларусі на дынамічнае развіццё ў выпадку нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін.