Роберт Дэ Ніра пра гендарны пераход дачкі: Я люблю яе гэтак жа, як любіў яго
Галівудскі акцёр Роберт Дэ Ніра заявіў, што падтрымаў свайго сына Аарона, які змяніў гендарную ідэнтычнасць і стаў жанчынай Эйрын.
Фота: Evan Agostini/Invision/AP, File
У нядаўнім інтэрв’ю для выдання Them, прысвечанаму ЛГБТК+, Эйрын Дэ Ніра расказала пра «ўступленне ў новую ідэнтычнасць», піша Бі-бі-сі.
Знакаміты бацька Эйрын сказаў у каментары Variety:
«Я любіў і падтрымліваў Аарона як сына, а цяпер я люблю і падтрымліваю Эйрын як дачку».
«Не ведаю, што тут такога, — дадаў ён. — Я люблю ўсіх сваіх дзяцей».
29-гадовая дачка зоркі фільма «Добрыя хлопцы» расказала, што пачала гендарны пераход летась.
Эйрын, дачка Дэ Ніра і Тукі Сміт, казала, што акцёрка Лаверн Кокс стала для яе натхненнем, і цяпер яна спадзяецца дапамагчы пашырыць бачнасць трансгендарных людзей.
Што да досведу быць адной з сямі дзяцей Дэ Ніра, яна сказала: «Не існуе ідэальных бацькоў, але я ўдзячная, што мае бацькі абаранілі мяне ад празмернай публічнасці».
«Яны сказалі, што хочуць, каб у мяне было як мага болей звычайнае дзяцінства».
У Вялікабрытаніі апошнім часам разгарэліся спрэчкі вакол правоў трансгендарных жанчын пасля таго, як Вярхоўны суд аднагалосна пастанавіў, што, згодна з законам аб роўнасці, жанчына вызначаецца паводле біялагічнага полу.
Цяпер адзіная суддзя Вялікабрытаніі, якая публічна заявіла пра сваю трансгендарнасць, плануе падаць пазоў у Еўрапейскі суд за правы чалавека супраць гэтага рашэння, якое, на яе думку, парушае яе правы.