Прапагандыст АНТ пахваліўся, як разгаварыў для свайго фільма беларусаў замежжа. Насамрэч ён нават не размаўляў з імі
У газеце «Советская Белоруссія» выйшла пафаснае інтэрв'ю з вядучым АНТ Андрэем Аляксандравым. Сярод іншага, яго спыталі пра фільм «Чужое неба», у якім беларусы, вымушаныя ўцячы за мяжу, былі знятыя падманам.
Андрэй Аляксандраў. Фота: sb.by.
На наступны дзень пасля выхаду «Чужога неба» Аляксандраў выпусціў свой рэпартаж, у якім нібыта паразмаўляў з удзельнікамі фільма па выніках прэм'еры. На пытанне прапагандысткі СБ Ірыны Аўсяп'ян пра тое, ці цяжка было разгаварыць герояў, Аляксандраў адказаў наступным чынам:
«Разгаварыць было нескладана. Усе яны шчыра адказвалі на пытанні. Гэтыя людзі сапраўды трапілі ў няпростую сітуацыю: усе яны сапраўды прызнаюцца, што няма на што абуцца, няма чым заплаціць за лячэнне, а часам няма чаго нават паесці. Некаторыя, гаворачы аб цяжкасцях, у якіх аказаліся, адразу пачыналі плакаць».
Нагадаем, каб зняць герояў фільма «Чужое неба», да іх звярнуліся па інтэрв'ю для ўнутраных патрэб нібыта з Офіса Ціханоўскай. Аднак пасля кадры апынуліся ў прапаганды. Фільм, зняты падманам, акрамя БТ, прэзентавалі ў кінатэатры на закрытым паказе з удзелам лукашэнкаўскіх топ-чыноўнікаў.
«Рэпартаж» Аляксандрава аказаўся такім жа хлуслівым. Кадры, паказаныя ім, былі знятыя за некалькі месяцаў да таго, як з‘явіліся ў эфіры АНТ. Прапагандыст рабіў выгляд, што з кімсьці размаўляе.
Іншыя цытаты прапагандыста Аляксандрава:
- «Палова еўрапейскага кіраўніцтва — кроўныя нашчадкі фашыстаў. Таму іх так круціць ад святкавання 9 Мая, таму яны так ненавідзяць усіх, хто мае дачыненне да Вялікай Перамогі. І, на вялікае няшчасце, менавіта таму ва Украіне выгадавалі неанацысцкі рэжым».
- «Я вельмі шчаслівы, што ў нас захаваліся традыцыйныя каштоўнасці і ўмацоўваюцца сямейныя. Рады, што мы застаемся астраўком здаровага сэнсу, дзе няма гендэрнага шаленства, дзе дзяцей у пачатковай школе не вучаць займацца сэксам, дзе не кідаюць паміраць на вуліцы, калі няма медыцынскай страхоўкі».
- «Мая бабуля зусім малой хавалася ад немцаў у стозе сена, нямецкія штыкі праходзілі ў сантыметрах ад цела, але яна не выдала ніводнага гуку і засталася жывая. Бабуля па матчынай лініі на воднай пераправе патрапіла на міны, ад паліто засталіся адны толькі лапікі, цела пасекла асколкамі, выратаваў бацька».
- «Цяпер Еўрасаюзу даводзіцца не пускаць да нас сваіх грамадзян, бо падымуць на вілы за пустыя паліцы, дарагую медыцыну і крымінагенную абстаноўку на вуліцах».