Партыю, якую актыўна падтрымліваюць лукашысты, прызналі экстрэмісцкай у Германіі
Федэральнае ведамства ФРГ па абароне канстытуцыі аднесла партыю «Альтэрнатыва для Германіі» да праваэкстрэмісцкіх арганізацый на дзяржаўным узроўні.
Рашэнне ведамства азначае, што АдГ больш не знаходзіцца проста пад падазрэннямі, цяпер у спецслужбах ёсць доказы таго, што партыя дзейнічае супраць дэмакратычнай сістэмы Германіі.
Падставай для прызнання АдГ экстрэмісцкай арганізацыяй стаў унутраны даклад на 1000 старонак, у якім згадваюцца парушэнні базавых канстытуцыйных прынцыпаў, такіх як годнасць чалавека і вяршэнства права.
Гэта стала самым сур'ёзным крокам у імкненні афіцыйнага Берліна стрымаць правую палітычную сілу, падтрымка якой расце.
«Альтэрнатыва для Германіі» на апошніх выбарах у Бундэстаг заняла другое места, атрымаўшы 20,8% галасоў. Партыя выступае на прарасійскіх пазіцыях і супраць падтрымкі Германіяй Украіны. Палітыкі з АдГ часта прыязджаюць у Мінск, а пра правапапулісцкую партыю кампліментарна адгукаецца беларуская прапаганда.
Саксонскі дэпутат АдГ Ёрг Дорнау мае пад Лідай фірму «Цыбулька-Бел», на якой выкарыстоўвалі працу беларускіх зняволеных.