Шматдзетная сям'я распавяла, што траціць на ежу 700-800 рублёў штомесяц. Людзі ў шоку, што ім хапае
Сама шматдзетная маці не разумее тых, хто траціць на меншую колькасць людзей 1700-2000 рублёў на ежу.
Фота з інстаграма Крысціны
Крысціна Сямашка жыве ў Новалукомлі. Разам з мужам яны гадуюць траіх дзяцей. Нядаўна ў тыктоку жанчына распавяла, што на ежу трацяць штомесяц усяго 700-800 рублёў.
Канечне, шмат каго невялікая сума здзівіла. Таму Крысціна вырашыла растлумачыць, як так атрымліваецца.
— Мы ходзім у магазін строга па спісе. Нашмат эканомней атрымліваецца, калі ідзе ў краму менавіта муж. Я, напрыклад, марнатраўца ў сям'і. Прадукты, якія хутка псуюцца, мы заўсёды купляем па меры неабходнасці, на гэта адкладзеныя грошы.
Іншы сакрэт эканоміі яшчэ больш празаічны: паўнавартасна (сняданак, абед і вячэра) сям’я харчуецца толькі на выходных.
— У будні дзеці, я, муж знаходзімся ў садку, школе, на працах. У нас з мужам заўсёды з сабой ссабойкі. Раніцай у нас у дарослых толькі голая кава. Я не магу а 6-й раніцы запхнуць у сябе сняданак. Муж таксама зранку не снедае. Дзеці п'юць гарбату з чым-небудзь. Або гэта будзе батон з нейкай шакаладнай пастай, або печыва.
З панядзелка па пятніцу дзеці ядуць у садку і школе. Па словах Крысціны, уся сям’я прыходзіць дамоў пасля 5-й вечара.
— Яны вячэраюць, а перад сном п’юць гарбату з чым-небудзь. Я не стаю днямі на кухні. У мяне такі графік, што нават калі б я хацела, дык не змагла б (Крысціна працуе медсястрой у рэанімацыі Новалукомльскай ЦРБ. — НН).
Але жанчына падкрэслівае: заўжды дома ёсць свежая ежа, ніхто галодным не сядзіць.
— Ёсць каўбаскі, рыба, курыца… Прадукты, якія спажывае любы нармальны чалавек. Я не разумею проста, як можна харчавацца на 1700-2000 рублёў штомесяц. Такое адчуванне, што людзі жаруць сланоў. Або ў іх жыццё заключаецца ў тым, што паелі — можна і паспаць, паспалі — можна і паесці.
Шматдзетная мама згадвае апошні паход у краму. Кажа, на 500 рублёў атрымалася набыць крупы, цукар, алей, фарш, каўбаскі, курыную тушку, лапатачную частку свініны.
Відэа завірусілася ў тыктоку і набрала некалькі соцень каментароў. Большасць людзей не можа ўкласціся ў такі бюджэт.
«Гэта нерэальна. Ну толькі калі ежа бедная, аднастайная, а прадукты танныя. Вы бачылі цэны на гародніну, садавіну, мяса? Толькі сёння крыху садавіны і агародніны купіла на 50 рублёў. Гэта на 2-3 дні».
«Нас трое, 1500 рублёў мінімум… Усё гатую сама і не разумею, як можна харчавацца танней. І так, гарбата з печывам — гэта не прыём ежы, а дадатак да яго».
«У нас не шматдзетная сям'я (два чалавекі), але на ежу столькі ж ідзе. Бо цэны цяпер конскія. Памідоры па 18 рублёў за кілаграм. Мяса шалёных грошай каштуе».
«Дзіўна для мяне. Я на рынку толькі гародніны і садавіны на тыдзень узяла за 180 рублёў. Апроч гэтага, каля 200 рублёў ідзе ў краме на прадукты на тыдзень. І мы нічога лішняга не бярэм».
«У маёй сям’і больш за 2000 рублёў на харчаванне сыходзіць. Дзеці дарослыя, іх батонам з пастай не завабіш. Вячэра паўнавартасная плюс садавіна абавязкова кожны дзень».
«У нас на траіх за месяц 1200-1300 рублёў. Не шыкуем, але і не жабруем. Хацелася б навучыцца як вы, але на жаль, то трускаўкі прадаюць, то рыбу чырвоную вазьму».
«Не, мы не ямо сланоў. Мы проста купляем якасную садавіну і гародніну круглы год. Калісьці вельмі даўно хадзіла ў краму строга па спісе, баюся нават успамінаць той час».
Чытайце таксама:
«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту
Блогер абурыўся мамай у гандлёвым цэнтры, якая карміла грудзьмі немаўля. Яна яму іранічна адказала