У Віцебску міліцыя сабрала больш за дзясятак таксістаў з Туркменістана, каб прыгразіць ім высылкай
У Першамайскім раёне Віцебска міліцыя арганізавала прафілактычную сустрэчу з грамадзянамі Туркменістана, якія працуюць таксістамі, пасля таго, як аднаго з іх выслалі з краіны за парушэнні правіл дарожнага руху і іншыя адміністрацыйныя парушэнні. Міліцыя прыгразіла ім высылкай і забаронай на ўезд.
Больш за дзясятак таксістаў з Туркменістана, якія працуюць у Віцебску, сабралі ў актавай зале Першамайскага РАУС, каб тыя асабіста выслухалі папярэджанне з боку міліцыі. Прычынай стала справа іх суайчынніка — 38-гадовага кіроўцы, які быў высланы з Беларусі. Як распавяла начальніца аддзела па грамадзянстве і міграцыі маёр Вольга Каралёва, у лютым гэты чалавек справакаваў ДТЗ і раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
У выніку мужчыну выслалі з Беларусі, і яму забаронена ўязджаць у краіну цягам трох гадоў.
Прысутных папярэдзілі, што ў выпадку парушэнняў, «выдварэнне будзе непазбежным».
Падпалкоўнік міліцыі Таццяна Зверава заявіла мігрантам, што «дазвол на пражыванне — гэта не прывілей, а адказнасць».
Тэма працоўнай міграцыі выбухнула ў Беларусі пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі, што ён хоча запрасіць у краіну да 150 тысяч чалавек з Пакістана. Такая колькасць мігрантаў — беспрэцэдэнтная для Беларусі. У той жа час з краіны, па розных ацэнках, праз рэпрэсіі, якія не спыняюцца з 2020 года, вымушана з'ехалі да паўмільёна беларусаў.