«Часам прыходзіцца нават залазіць у сметніцу». Валанцёры з Мінска расказалі, як ратуюць з вуліцы хатніх пацукоў
Калі кажуць пра выратаванне бяздомных жывёл, перад вачыма паўстае вобраз валанцёраў з мілымі коткамі і сабачкамі. Але Марыя Ціхамірава і Анастасія Ашыхміна дапамагаюць тым, каго многія баяцца — пацукам і мышам, а таксама трусам, марскім свінкам і іншым грызунам, якія трапілі ў бяду.
Усе фота: «Смартпрэс»
Марыя Ціхамірава і Анастасія Ашыхміна з Мінска займаюцца ратаваннем хатніх грызуноў — ад пацукоў да нутрый. Яны аб’ядналіся ў валанцёрскую ініцыятыву «RATуй!» і цяпер клапоцяцца пра сотні жывёл, якія трапілі ў бяду, піша «Смартпрэс».
Марыя і Анастасія жывуць з дзясяткамі сваіх падапечных. Пасля нядаўняга выкліку яны забралі з кватэры ў Заслаўі 82 пацучанят, а пазней — яшчэ 195 пацукоў рознага ўзросту. Грызуны бегалі па пакоях і размнажаліся, ператварыўшыся ў сапраўдную катастрофу. Цяпер дзяўчаты жывуць па раскладзе: карміць, лячыць, чысціць клеткі.
У звычайнай гарадской кватэры яны стварылі сапраўдны пацучыны «горад» з шмат’узроўневымі клеткамі, дзе жывёлы атрымліваюць догляд, харчаванне і клопат. Калі пацукі падыходзяць да дзверак клетак — гэта выглядае як чарга ў сталовую: усе чакаюць пачастунку.
Праект «RATуй!» аб’ядноўвае восем валанцёраў з усёй Беларусі.
У іх клопаце — не толькі хатнія пацукі, але і іншыя грызуны: трусы, мышы, марскія свінкі, хамякі. Аднаго разу яны нават прытулілі нутрыю, якую нехта спачатку завёў, а потым кінуў. Жывёлу перадалі людзям, што жывуць за горадам.
Часта валанцёры атрымліваюць званкі ад людзей, што заўважылі на вуліцы хатняга грызуна. Затым — пасткі, пераноскі, ежа. Не заўсёды жывёла даецца ў рукі — даводзіцца лезці пад машыны, у кантэйнеры са смеццем. Бывае, пацукі кусаюць — ад страху.
Анастасія і Мария з болем кажуць, што пацукоў часта не ўспрымаюць як хатніх жывёл — у адрозненне ад котак і сабак. Але хатнія пацукі не могуць выжыць на вуліцы. Яны — ручныя і звыклыя да чалавека.
Сярод праблем — не столькі харчаванне, бо людзі ахвотна дапамагаюць, прыносяць корм, сушаныя яблыкі, напаўняльнікі, — колькі прастора і час. Пасля «пацучынага дэсанту» з Заслаўля кватэра ператварылася ў міні-прытулак: асобныя клеткі для самцоў, самак, цяжарных, малых і «лазарэта».