БЕЛ Ł РУС

Стан Аляксандра Вучыча стабільны, але да актыўнай дзейнасці ў бліжэйшы час ён не вернецца

3.05.2025 / 18:43

Nashaniva.com

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч праходзіць медыцынскае абследаванне пасля прыступу болю ў грудзях падчас візіту ў ЗША. Па словах галоўнага кардыёлага вайсковага шпіталя Драгана Дзінчыча, стан палітыка цяпер здавальняючы, але ён мусіць узяць паўзу ў публічнай дзейнасці.

Аляксандр Вучыч. Фота: AP Photo / Darko Vojinovic

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч праходзіў абследаванне ў вайскова-медыцынскай акадэміі ў Бялградзе пасля здарэння падчас ягонага знаходжання ў ЗША. Як паведаміў начальнік упраўлення вайсковай аховы здароўя, кардыёлаг Драган Дзінчыч, прэзідэнт Вучыч адчуў моцны боль у грудзях. Паводле Дзінчыча, пасля прыёму лекаў і праз 45 хвілін пасля здарэння ціск Вучыча быў 165 на 98, што сведчыць пра тое, што перад ужываннем медыкаментаў ён быў яшчэ вышэйшы.

Амерыканскія дактары аказалі ўсю неабходную дапамогу, але, нягледзячы на іх рэкамендацыі, Вучыч прыняў рашэнне вярнуцца ў Сербію. Пасля прызямлення ў Бялградзе ў 13:00 ён не выказваў скаргаў.

Дзінчыч падкрэсліў, што за апошнія 10 гадоў Вучыч некалькі разоў сутыкаўся з праблемамі высокага ціску, але ніводзін з прыступаў не быў такім моцным, як апошні. Зараз яго стан стабільны і здавальняючы, аднак, паводле дактароў, ён не вернецца да звыклага працоўнага рытму на працягу найбліжэйшых дзён.

Ці паедзе Вучыч пасля здарэння на парад у Маскву, пакуль не паведамлялася. 

Чытайце таксама:

Серб Вучыч і славак Фіца раптоўна прыхварэлі. Іх удзел у парадзе ў Маскве пад пытаннем

Услед за прэм'ер-міністрам Індыі міністр абароны краіны таксама не паедзе на парад у Маскву

Вучыч не збіраецца адмяняць візіт у Маскву на 9 мая: Я сказаў Пуціну, што прыеду

Каментары да артыкула