Беларускі летнік у Кракаве пад пагрозай: арганізатары просяць дапамогі
Беларускі фестываль Letucień, які штогод збірае тысячы беларусаў і сяброў Беларусі з розных краін у Кракаве, апынуўся пад пагрозай. Арганізатары просяць набыць сімвалічны квіток і падтрымаць фестываль.
Летнік узнік у 2020 годзе як невялікае сяброўскае свята беларусаў у Польшчы, але ўжо праз некалькі гадоў ператварыўся ў маштабны фестываль з музыкай, кірмашом, танцамі, семінарамі, сямейнымі актыўнасцямі і атмасферай сапраўднага згуртавання.
У 2024 годзе Летнік сабраў больш за 5000 гасцей з Беларусі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Нідэрландаў, Чэхіі ды іншых краін.
«Мы з самага пачатку ладзім Пікнік сваімі сіламі, без ганарараў, без буйных спонсараў. Часта проста на энтузіязме. Але без падтрымкі супольнасці далей не пацягнем», — кажуць арганізатары.
Бюджэт Пікніка ў 2024 годзе склаў 100 тысяч злотых (25 тысяч еўра). Частку гэтай сумы — каля 40% — удалося сабраць праз данаты ад удзельнікаў. Цяпер арганізатары ўжо маюць 20 тысяч злотых з падатковых пералічэнняў, але гэтага недастаткова.
Каб фестываль адбыўся ў 2025 годзе, арганізатарам неабходна сабраць не менш за 70% бюджэту да 1 чэрвеня — гэта каля 73 тысяч злотых, або каля 18 тысяч еўра.
Як можна дапамагчы:
Падтрымаць данатам: арганізатары заклікаюць кожнага, хто хоча далучыцца да свята, «набыць» сімвалічны квіток — пералічыць любую пасільную суму.
Падзяліцца інфармацыяй пра фестываль у сацсетках і з сябрамі.
Прапанаваць партнёрства: калі вы прадстаўляеце бізнэс, вы можаце падтрымаць Летнік і стаць партнёрам падзеі. Для гэтага трэба напісаць на [picnic.letucien@gmail.com](mailto:picnic.letucien@gmail.com).
Фестываль запланаваны на 26 ліпеня. У праграме традыцыйна будуць музычныя выступы, сямейныя лакацыі, мастацтва, кірмаш, адукацыйныя пляцоўкі і шмат месца для сяброўскіх сустрэч пад кронамі дрэваў.
«Свята не адбудзецца без вас. Калі робім — то разам», — кажуць арганізатары.
Падтрымаць можна тут.