Ксяндза Акалатовіча перавялі ў калонію ў дзень святкавання Вялікадня
Асуджанага на 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча перавялі ў калонію ў Бабруйску, і адбылося гэта акурат на Вялікдзень, піша выданне Katolik.news.
Генрых Акалатовіч
Пасля таго, як Вярхоўны суд адхіліў скаргу Генрыха Акалатовіча, прысуд паводле абвінавачвання ў «здрадзе дзяржаве» набыў моц, таму з СІЗА святара этапавалі ў месца «адбыцця пакарання».
Як даведаліся вернікі, гэта адбылося 20 красавіка, ва Уваскрасенне Хрыстова. У тую дату Пасху адзначалі і каталікі, і праваслаўныя — нягледзячы на гэта, менавіта ў гэты дзень для групы асуджаных арганізавалі этап з мінскага СІЗА.
Пробашч парафіі ў Валожыне быў асуджаны па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве» на 11 гадоў зняволення.
65-гадовы ксёндз Генрых мае цяжкія хваробы — яму былі прызначаныя медабследаванні, якія, як чакалася, правядуць да адпраўкі ў калонію. Магчыма, яго вернуць назад у СІЗА для праходжання абследаванняў.
Вернікі не губляюць надзеі, што святар у хуткім часе будзе вызвалены праз працэдуру памілавання.
Чытайце таксама:
Прапагандысты анансавалі інтэрв'ю з усімі палякамі, асуджанымі ў Беларусі за шпіянаж
Ксяндза з Шуміліна Анджэя Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зняволення
Ксёндз Акалатовіч: Мяне абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана
У Ватыкане абмеркавалі праблему Чырвонага касцёла і зняволеных святароў
«Ён не зломлены». Як успрыняў прысуд 64-гадовы святар з Валожына, асуджаны на 11 гадоў