БЕЛ Ł РУС

АПЕК+ рэзка павялічвае здабычу нафты. Гэта ўдарыць па расійскім бюджэце

5.05.2025 / 21:31

Nashaniva.com

На суботнім анлайн-пасяджэнні АПЕК+, у склад якой уваходзіць 23 краіны — экспарцёры нафты, было прынята рашэнне значна павялічыць здабычу. З чэрвеня восем краін, уключаючы Саудаўскую Аравію, Расію, ААЭ, Кувейт і Ірак, дададуць на рынак 411 тысяч барэляў нафты штодня — гэта ўтрая больш, чым планавалася першапачаткова. Такім чынам, за май і чэрвень сукупная здабыча вырасце на 822 тысячы барэляў у дзень — максімум з 2020 года, піша The Moscow Times.

Наследны прынц Саудаўскай Аравіі, фактычны кіраўнік гэтай дзяржавы Мухамед ібн Салман Аль Сауд. Фота: Chesnot/Getty Images

Саудаўская Аравія, як неафіцыйны лідар картэля, настаяла на гэтым кроку, каб пакараць краіны, якія сістэматычна парушалі квоты, у прыватнасці Казахстан і Ірак. Эр-Рыяд заявіў, што больш не збіраецца штучна падтрымліваць цэны шляхам абмежавання здабычы.

Паводле планаў, да лістапада АПЕК+ нарасціць здабычу на 2,2 млн барэляў у дзень. Аднак, як адзначаюць аналітыкі, попыт на нафту расце слаба, асабліва пасля нядаўняга ўвядзення мытаў з боку ЗША. Гэта можа прывесці да перавытворчасці ў памеры 1,5 млн барэляў штодня да канца года і выклікаць новую «цэнавую вайну».

Гэта ўдар для расійскага бюджэту, які планаваўся з улікам цаны нафты $70 за барэль. Аднак у сакавіку цана расійскай маркі Urals упала да $58, а ў красавіку — да $54. У выніку даходы ад нафты і газу знізіліся амаль на 20%.

На фоне гэтага цэны на нафту Brent з пачатку года ўпалі на 24%, а 5 мая абнавілі мінімум за 4 гады — $58,5 за барэль. Рашэнне АПЕК+ толькі павялічыла нявызначанасць на рынку. Паводле Reuters, Саудаўская Аравія прыняла гэтае рашэнне напярэдадні візыту Трампа, падчас якога ЗША могуць прапанаваць Эр-Рыяду вайсковае супрацоўніцтва і кантракты на зброю на $100 мільярдаў.

Чытайце таксама:

Украіна і ЗША падпісалі пагадненне па прыродных рэсурсах

«Рускія і амерыканцы пляскаюць у ладкі». Масква, Берлін і Вашынгтон абмяркоўваюць аднаўленне паставак сыравіны ў Германію на НПЗ «Раснафты»

Чаму Трамп прапанаваў правесці перамовы з Пуціным у Саудаўскай Аравіі

Расія не можа з-за санкцый прадаць мільёны барэляў нафты і рыхтуецца скарачаць здабычу

Каментары да артыкула