Кніга пра гісторыю савецкіх дысідэнтаў выйграла Пулітцэраўскую прэмію
Пулітцэраўскую прэмію 2025 года за найлепшую навукова-папулярную кнігу атрымаў амерыканскі гісторык Бэнджамін Натанс за працу «За поспех нашай безнадзейнай справы» пра гісторыю савецкага дысідэнцкага руху, піша Расійская служба Радыё Свабода
797-старонкавая кніга выйшла ў 2024 годзе ў выдавецтве Princeton University Press. Абапіраючыся на дзённікі, мемуары, асабістыя лісты, інтэрв’ю і пратаколы допытаў КДБ, кніга расказвае пра тое, як «дысідэнты вырашылі выкарыстоўваць савецкае заканадаўства для стрымлівання ўлады савецкай дзяржавы, — гаворыцца ў яе анатацыі. — У несвабоднай краіне яны пачалі паводзіць сябе як свабодныя людзі».
Натанс — дацэнт прэстыжнага Пенсільванскага ўніверсітэта. За перамогу ён атрымае ўзнагароду ў 15 тысяч долараў. Акрамя кнігі пра дысідэнтаў, ён таксама з'яўляецца аўтарам працы пра гісторыю яўрэяў у Расійскай імперыі «За рысай аселасці».
«Я хацеў даць ім такую гісторыю, у якой вывеў бы іх на першы план, але судзіў бы пра іх не толькі па моцных, але і па слабых баках, не толькі па праніклівасці, але і па слепаце, і перадусім — разглядаў бы іх у савецкім кантэксце, у якім яны, як мне падаецца, на сваім законным месцы», — сказаў ён у інтэрв’ю РС.
Амерыканская Пулітцэраўская прэмія — адна з самых прэстыжных узнагарод у галіне журналістыкі, літаратуры і музыкі. Яна прысуджаецца за працы на англійскай мове, што ўпершыню выйшлі на рынку ЗША.