Фрыдрых Мерц нечакана не атрымаў дастаткова галасоў у Бундэстагу
Дэпутаты Бундэстага ў першым туры выбараў канцлера не абралі Мерца на гэтую пасаду. Гэта можа выклікаць палітычны землятрус еўрапейскага маштабу.
Фота: Nietfeld / picture alliance via Getty Images
Такога яшчэ не было ў гісторыі Германіі — Бундэстагу не ўдалося абраць канцлера ў выніку тайнага галасавання. Кансерватару Фрыдрыху Мерцу, які быў вылучаны на гэтую пасаду, не хапіла шасці галасоў.
За яго кандыдатуру прагаласавалі 310 парламентарыяў з неабходных 316. Аднак у палітыка будзе яшчэ другая спроба стаць канцлерам, піша Spiegel.
Цяпер у бундэстага ёсць 14 дзён, каб абраць Мерца або іншага кандыдата на пасаду канцлера абсалютнай большасцю галасоў.
Правал Мерца нечаканы. У галасаванні ўдзельнічалі 621 дэпутат, 1 бюлетэнь прызнаны несапраўдным, «за» — 310, «супраць» — 307, 3 дэпутаты ўстрымаліся.
Пасля няўдачы на галасаванні Фрыдрых Мерц і іншыя палітыкі адправіліся на нараду.
Кіраваны Фрыдрыхам Мерцам блок ХДС/ХСС на выбарах у лютым атрымаў 28,5% галасоў.
На другім месцы — «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) з 20,8%, трэцяе месца занялі сацыял-дэмакраты.
Пасля некалькіх месяцаў перамоваў кансерватары і сацыял-дэмакраты ў панядзелак падпісалі кааліцыйную дамову. Новая кааліцыя атрымала невялікую перавагу ў Бундэстагу — 328 месцаў з 630.
«Гэта азначае, што нават у яго ўласным блоку ХДС/ХСС — ці ў шэрагах СДПГ — знайшліся дэпутаты, якія не падтрымалі яго кандыдатуры. Наперадзе — новы тур галасавання. На радасць ультраправым з «Альтэрнатывы для Германіі» новая эпоха пачынаецца з ганьбы і правалу», — піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Аляксандр Фрыдман.
«У «Альтэрнатывы для Германіі» з’яўляецца ўнікальны шанец пагрузіць ФРГ у атмасферу глыбокага палітычнага крызісу», — адзначае ён.