БЕЛ Ł РУС

Падлічылі, колькі можна было б зарабіць, калі паклалі б беларускія рублі на дэпазіт год таму

27.05.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Працэнты на валютных укладах цяпер мізэрныя, а ці шмат прыносяць рублёвыя?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Колькі рублёў набяжыць за год?

Найбольш выгадныя безадзыўныя дэпазіты тэрмінам ад аднаго года — калі гаворка ідзе пра беларускія рублі, — і тэрмінам ад двух гадоў, калі ўклад валютны. Даход ад гэтых дэпазітаў не абкладаецца падаходным падаткам (у выпадку з безадзыўнымі ўкладамі да года банк аўтаматычна вылічвае падатак).

Разгледзім мінімальны з выгадных тэрмінаў — 13 месяцаў. То-бок цяпер забіраць грошы могуць тыя, хто паклаў іх на дэпазіт у красавіку 2024 года.

Летась банкі прымалі беларускія рублі пад 14,1—15,9% на тэрмін 13 месяцаў. Цяпер працэнтныя стаўкі прыкладна такія ж, таму для разліку выкарыстаем актуальныя даныя калькулятараў.

Скрыншот: belarusbank.by

Напрыклад, калі вы паклалі 10 000 рублёў у красавіку 2024 года пад 14,4%, то праз 13 месяцаў вы атрымаеце 11 562 рублі.

Калі ўклад з капіталізацыяй працэнтаў, сума будзе вышэйшая. Пакажам гэта на прыкладзе калькуляцыі ад Парытэтбанка.

Скрыншот: paritetbank.by

Паклаўшы 10 000 рублёў на 13 месяцаў пад 15,6% гадавых з капіталізацыяй, праз год і адзін месяц вы атрымаеце 11 813 рублёў. Сума вырасце на 18% —выгада відавочная нават з улікам інфляцыі. 

Пераводзім у валюту

Як гэтая выгада выглядае з улікам курсавых ваганняў?

Напрыклад, на 24 красавіка 2024 года курс Нацбанка складаў 3,25 рубля за даляр. Атрымліваецца, што 13 месяцаў таму 10 000 рублёў раўняліся $3077.

Цяпер жа, паводле курсу Нацбанка, даляр каштуе 3,01 рубля. Атрымліваецца, што 10 000 рублёў цяпер эквівалентныя $3322. 

Такім чынам, 10 тысяч беларускіх рублёў, якія 13 месяцаў таму раўняліся 3077 далярам, на безадзыўным дэпазіце ператварыліся ў суму, эквівалентную 3841—3944 далярам.

А што, калі б вы паклалі грошы на дэпазіт у валюце?

Апошнія гады беларускія банкі зніжаюць працэнтныя стаўкі па валютных укладах, таму прыбытковасць па іх знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасці.

Беларусбанк прапануе 0,01% па ўкладах у далярах ЗША. Скрыншот: belarusbank.by

Беларусбанк, напрыклад, прапануе 0,01% па ўкладах у далярах. Паклаўшы на трохгадовы безадзыўны дэпазіт 10 тысяч даляраў, вы атрымаеце зверху ўсяго тры даляры. Праз гэта класці грошы ў далярах або еўра на дэпазіт стала бессэнсоўна.

Самае складанае — угадаць, што будзе з беларускім рублёў у наступны год. Тым, хто паверыў у нацыянальную валюту ў 2024-м, пашанцавала. Што будзе далей, гарантыі не дасць ніводзін прагназіст.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула