БЕЛ Ł РУС

Ваяваць за Расію пайшоў былы палітвязень з Гомеля. У Беларусі ён у спісе «тэрарыстаў»

7.05.2025 / 11:51

Nashaniva.com

У спісе беларусаў, якія пайшлі наймітамі ў расійскую армію, ёсць Аляксандр Вітухноўскі. Яго судзілі па трох палітычных артыкулах, пiша «Флагшток».

Фота: «Флагшток»

У спісе грамадзян Беларусі, якія ваююць ва Украіне на баку Расіі, ёсць Аляксандр Вітухноўскі. Яго дадзеныя цалкам супадаюць з дадзенымі былога палітвязня з Гомеля.

Пра Вітухноўскага вядома, што ён быў асуджаны 25 кастрычніка 2023 года па трох крымінальных палітычных артыкулах: «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», «распальванне варожасці або розні» і абраза Лукашэнкі.

Тэрмін, прызначаны Вітухноўскаму, невядомы, але, нягледзячы на абвінавачванне адразу па трох артыкулах, неўзабаве хлопец апынуўся на волі.

Гэта стала зразумела дзякуючы аб'яве пошукавага атрада «Сімуран», які паведамляў, што 10 мая 2024 года Аляксандр сышоў з дому і знік. Праз два дні з'явілася паведамленне, што гамяльчаніна знайшлі супрацоўнікі міліцыі і з ім усё ў парадку.

З тых часоў ніякіх звестак пра Вітухноўскага не было. Апошнія запісы на яго адзінай актуальнай старонцы, знойдзенай у сацсетках, амаль цалкам прысвечаны анімэ. Дэвіз Taida desu ne з японскай перакладаецца як «Гэта лянота». На дзвюх апошніх фотаздымках — сэлфі Аляксандра (24 чэрвеня 2024 года) і размыты здымак чалавека ў абмундзіраванні, падобнага на пехацінца, са спіны (24 лістапада 2024). У сетцы ён не з'яўляўся ўжо даўно.

Вядома, што ў студзені 2024 года МУС унес гамяльчаніна ў «спіс экстрэмістаў», а КДБ — у «спіс тэрарыстаў».

Гэта стандартная сітуацыя: многіх палітвязняў у Беларусі ўносяць у такія спісы — у тым ліку, каб пагоршыць умовы іх утрымання ў калоніі, а таксама ўскладніць жыццё на волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула