БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнтка Еўракамісіі абвясціла аб завяршэнні эры расійскіх нафты і газу ў Еўропе

7.05.2025 / 16:1

Nashaniva.com

Эра расійскіх выкапнёвых энерганосьбітаў у Еўропе «падыходзіць да канца», заявіла прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, адкрываючы дэбаты адносна справядлівага міру для Украіны ў Еўрапарламенце 7 траўня. Пра гэта паведамляе Украінская служба «Радыё Свабода».

Урсула фон дэр Ляен. Фота: AP

Адмову ад расійскага выкапнёвага паліва кіраўніца Еўракамісіі назвала адным з трох важных момантаў для дасягнення працяглага міру ва Украіне.

Яна адзначыла, што да поўнамаштабнага ўварвання краіны ЕС плацілі Расіі за энерганосьбіты 12 мільярдаў еўра ў месяц. Цяпер гэтая сума складае 1,8 мільярда. Доля імпарту газу з Расіі знізілася з 45% да 13%. Імпарт нафты скараціўся ў дзесяць разоў.

«Некаторыя дагэтуль кажуць, што нам варта зноў «адкрыць кран» для расійскіх газу і нафты», — адзначыла прэзідэнтка Еўракамісіі, відавочна, маючы на ўвазе Славакію і Венгрыю, якія супраціўляюцца адмове ад расійскіх энерганосьбітаў. Яна выказала перакананне, што такое рашэнне было б гістарычнай памылкай, і ЕС не дазволіць гэтаму здарыцца:

«Расія неаднаразова даказвала, што не з'яўляецца надзейным пастаўшчыком. Пуцін ужо спыняў пастаўкі газу ў Еўропу ў 2006, 2009, 2014, 2021 гадах і на працягу вайны. Колькі яшчэ трэба разоў, каб зрабіць высновы? Залежнасць ад Расіі шкодзіць не толькі нашай бяспецы, але і нашай эканоміцы. Нашы энергетычныя цэны не могуць вызначацца варожым суседам».

Фон дэр Ляен таксама падзякавала ЗША за дапамогу з закупкай звадкаванага прыроднага газу ў пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.

«Дзякуючы партнёрам мы паменшылі залежнасць ад Расіі. Успомнім: мы памятаем, як ЗША неадкладна прыйшлі на дапамогу са звадкаваным прыродным газам падчас крызісу», — сказала яна.

У той жа час сярод службовых асоб Еўрасаюза цяпер ёсць пэўная занепакоенасць тым, што ўжо больш за палову звадкаванага газу блок купляе менавіта ў ЗША, што не вельмі адпавядае палітыцы дыверсіфікацыі пастаўшчыкоў.

Напярэдадні Еўракамісія прадставіла план, які дазволіць разрываць ужо падпісаныя з Расіяй газавыя кантракты, каб пазбавіцца залежнасці ад расійскага выкапнёвага паліва да 2027 года. Згодна з новым планам, пастанова аб забароне куплі расійскага газу і нафты можа прымацца ў рамках палітыкі гандлю, для зацвярджэння якой дастаткова галасоў большасці краін-членаў. Гэта значыць, што іх не змогуць ветаваць Венгрыя і Славакія.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз да канца 2027 года збіраецца цалкам адмовіцца ад закупак расійскага газу

АПЕК+ рэзка павялічвае здабычу нафты. Гэта ўдарыць па расійскім бюджэце

Украіна і ЗША падпісалі пагадненне па прыродных рэсурсах

Каментары да артыкула