БЕЛ Ł РУС

Мінскі Тэатр лялек не паспеў анансаваць прэм’еру па Быкаву, як квіткі на чэрвень і ліпень разабралі

7.05.2025 / 20:32

Nashaniva.com

Сталічны Тэатр лялек анансаваў прэм’еру — спектакль «Хутар» паводле знакамітай аповесці Васіля Быкава «Знак бяды». Сёння тэатр апублікаваў афішу з гэтым і іншымі спектаклямі на чэрвень-ліпень — квіткі на іх разабралі менш чым за гадзіну. Вакантнымі засталіся толькі нешматлікія месцы ў залі на дзіцячыя пастаноўкі.

На сайце продажу квіткоў на прэм’еру па Быкаву больш няма свабодных месцаў ні на чэрвень, ні на ліпень. Фота: скрыншот tce.by

«Ну, як такое можа быць? Паўгадзіны таму апублікавалі афішу. І ўжо няма квіткоў ні на адзін спектакль ні ў чэрвені, ні ў ліпені», — скардзяцца ў сацсетках тэатра людзі.

«Праз 34 секунды пасля таго, як на сайце з'явілася афіша, сайт лёг», — наракаюць іншыя.

«Як жа прыемна адчуваць, што будзе новы шэдэўр, якi ты не бачыў у тэатры лялек!», — іранізуюць трэція.

Ёсць і тыя, хто трапіў у лік шчасліўцаў, паспеўшы ўхапіць квіткі, чым цяпер выхваляюцца ў сторыз:

Для тых жа, каму з пакупкай не пашанцавала, застаецца яшчэ адна опцыя: набыць тое, што застаецца ў касе, у тым ліку на прыстаўныя крэслы, квіткі на якія прадаюцца ў дзень паказаў.

Масавы ажыятаж на спектаклі мінскага тэатра лялек — справа не першых дзён. Кіраўніцтву нават прыйшлося апраўдвацца, чаму яны не могуць задаволіць попыт усіх ахвотных.

Паводле слоў дырэктаркі тэатра, праблема з квіткамі працягваецца ўжо год, і яна толькі абвастраецца. Яе ўжо паспрабавалі вырашаць, дадаўшы большую колькасць паўтораў у афішу, а таксама перастаўшы загадзя паведамляць пра пачатак продажаў — каб пазбегнуць напружання, але ўсё дарэмна.

Акрамя саміх фанатаў тэатра, сайт атакуюць і боты, перакупы, якія пасля перапрадаюць квіткі па завышаных коштах.

Дадаткова ў тэатры правяралі магчымасць праводзіць спектаклі на больш буйных пляцоўках (на 500—700 месцаў), але і тут вынік быў няўдалы: пры такіх памерах залаў з задніх шэрагаў не будзе бачна лялек. Граць яшчэ часцей акцёры не змогуць фізічна, таму пакуль праблема застаецца нявырашанай: попыт задаволіць не атрымліваецца.

Чытайце таксама:

У мінскім тэатры лялек расказалі, чаму ўжо год не могуць задаволіць попыт гледачоў на квіткі

Па квіткі на яго спектаклі гадзінамі стаяць у чэргах. Інтэрв'ю з новым рэжысёрам Тэатра лялек

Галоўным рэжысёрам Лялечнага тэатра стаў Яўген Карняг — чаму яго можна лічыць адной з асноўных зорак беларускага тэатра проста цяпер?

«Былі тыя, хто прыехаў а 6-й раніцы». Мінчукі выстраіліся ў вялізную чаргу, каб набыць квіткі ў тэатр

Каментары да артыкула